Дзяржсакратар: Папа перакажа Ірландыі пасланне надзеі і даверу
Напярэдадні візіту Францішка ў Ірландыю з нагоды IX Сусветнай сустрэчы сем’яў кардынал даў інтэрв’ю для “Vatican News”.
На думку пурпурата, удзел у маштабным хрысціянскім форуме стане для Пантыфіка “нагодай, каб нанова сцвердзіць багатае вучэнне Касцёла на тэму сям’і”, каб падкрэсліць “жыццёва важнае месца, якое сям’я займае ў Касцёле і грамадстве, і падтрымаць місію сям’і – рэчаіснасці любові і вернасці – па перадачы жыцця і падрыхтоўцы да яго”.
Сёння чалавецтва вельмі моцна пакутуе па прычыне самотнасці і ізаляванасці, якія вядуць таксама да ізаляцыі ў адносінах да Бога, “і таму Папа настойвае на гэтай функцыі сям’і – абуджаць на асабістым і супольным узроўнях пачуццё прыналежнасці, адзінства і павагі”, падкрэсліў кардынал Паралін. Сям’і даручаецца вельмі важная місія – “даваць радаснае сведчанне Божай любові, здольнай ператвараць жыццё людзей і грамадства”, дадаў ён.
Па словах пурпурата, адказам Касцёла на шэраг далікатных і часам вельмі балючых пытанняў – міграцыі, крызісу сям’і, гомасексуальных стасункаў, якія будуць уздымацца падчас Сустрэчы ў Дубліне, застаецца сведчанне – праз канкрэтныя справы і прапановы – “аб прыгажосці і праўдзе Евангелля ў сучасным свеце”.
Кардынал Паралін спаслаўся на прапанаваны папам Францішкам трапны вобраз Касцёла як “палявога шпіталя”, які сапраўды можа быць побач з людзьмі, суправаджаць іх на шляху ўзрастання і аздараўлення. Перад абліччам складаных выклікаў сучаснасці, упэўнены іерарх, Касцёл павінен дэманстраваць здольнасць да духоўнага суправаджэння, якое заключаецца ва ўменні слухаць, весці дыялог і разам узрастаць.
Што датычыць выпадкаў сексуальнага злоўжывання ў Касцёле – заганы, якую зведаў і Касцёл у Ірландыі, – Папа нязменна нагадвае, што першасны абавязак Касцёла – падтрымаць ахвяр злачынстваў, дапамагчы ім адбудаваць іх жыццё. “Думаю, што Касцёл у Ірландыі вызнаў свае недахопы, памылкі, грахі і адначасова прыняў шэраг мер, каб прадухіліць паўтарэнне гэтых зверстваў”, - выказаў меркаванне Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.
Запланаваны ж візіт Францішка, працягнуў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, будзе праходзіць, галоўным чынам, пад знакам надзеі і даверу, які ён сам называе “вызваляючай, перамяняючай, збаўчай моцай Божай любові, што спазнаецца ў сем’ях”. “Такім чынам, гэта адначасова пасланне адкрытасці ў бок будучыні, якую вера, што спрадвеку характарызавала Ірландыю і яе народ, здолее адрадзіць у сэрцах і прынесці плён міру і шчасця”, - заключыў кардынал Пьетра Паралін.
Шасцідзённая IX Сусветная сустрэча сем’яў распачалася 21 жніўня 2018 г. у ірландскім Дубліне. У апошнія два дні форуму, 25-26 жніўня, да яго ўдзельнікаў далучыцца Святы Айцец. Францішак узначаліць кульмінацыйную Эўхарыстыю ў рамках гэтай падзеі.