У Ірландыі ўсё гатова для правядзення Сусветнай сустрэчы сем’яў
У Дубліне ўсё гатова для правядзення Сусветнай сустрэчы сем’яў, заявілі ў Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Форум стартуе 21 жніўня 2018 г. і пройдзе з удзелам Пантыфіка.
“Больш за 35 тыс. асоб прымуць удзел у Пастырскім кангрэсе і больш за 500 тыс. будуць прысутнічаць на заключнай св. Імшы з Папам. Гэта будзе сапраўды ўнікальны момант (...) і ўнікальная падзея ў гісторыі Касцёла”, - перакананы кс. Аляксандр Аві Мэла, сакратар вышэйзгаданай Дыкастэрыі.
Святар прызнаўся, што арганізатары хочуць, каб сустрэча стала стымулам для душпастырства сям’яў. І ў гэтым можа дапамагчы глыбокае разважанне над “Amoris laetitia”, – на форуме пройдзе больш за 60 семінараў, прысвечаных гэтай Апостальскай адгартацыі. Кс. Мэла назваў дакумент “вялікай хартыяй” сям’і. Ён перакананы, што і Святы Айцец дасць важны імпульс для душпастырства сем’яў у свеце.
20 жніўня 2018, 14:30