Пошук

Францішак прымае на аўдыенцыі кардынала Станіслава Рылку Францішак прымае на аўдыенцыі кардынала Станіслава Рылку 

Кардынал Рылка прызначаны членам камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан

Папа прызначыў кардынала Станіслава Рылку, архіпрэзбітэра базылікі Санта-Марыя-Маджорэ, членам Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан, паведаміла 11 жніўня 2018 г. Зала Друку Святога Пасаду.

73-гадовы кардынал Рылка нарадзіўся ў польскім Андрыхуве. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Кракаве, вучыўся ў Рыме, у Папскім грыгарыянскім універсітэце, дзе абараніў доктарскую дысертацыю па сацыялогіі. У 1987 г. пачаў працаваць у Рымскай курыі, дзе яму была даручана секцыя па справах моладзі Папскай рады па справах свецкіх. У 1992 г. быў пераведзены ў польскую секцыю Дзяржаўнага сакратарыята. У 1995 г. быў прызначаны сакратаром Папскай рады па справах свецкіх, а ў 2003 г. стаў яе старшынёй.

На кансісторыі 24 лістапада 2017 г. ён атрымаў кардынальскі берэт з рук Бэнэдыкта XVI, што дае яму права ўдзельнічаць у будучых канклавах да свайго васьмідзесяццігоддзя 4 ліпеня 2025 г. 1 верасня 2016 г. кардынал Рылка пакінуў пасаду старшыні Папскай рады па справах свецкіх, у сувязі з яе скасаваннем, а 28 снежня 2016 г. быў прызначаны архіпрэзбітэрам базылікі Санта-Марыя-Маджорэ.

Папская камісія па справах Дзяржавы Ватыкан ад імя Святога Айца, які з’яўляецца суверэнам Дзяржавы Ватыкан, выконвае заканадаўчую ўладу. Усе выдадзены Камісіяй заканадаўчыя акты трапляюць у Дзяржаўны сакратарыят, які перадае іх на зацвярджэнне Пантыфіку.

Старшынёй гэтай структуры з’яўляецца італьянскі кардынал Джузэпэ Бэртэла, а генеральным сакратаром – іспанскі біскуп Фэрнанда Вэргэс Альцага. Яшчэ ў склад Камісіі ўваходзіць шэсць кардыналаў, якіх Папа прызначае на пяцігадовы тэрмін. Кардынал Рылка ў яе складзе заняў месца памерлага 5 ліпеня 2018 г. кардынала Жана-Луі Тарана.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 жніўня 2018, 13:07