Святы Пасад: дыялог з Супольнасцю Пратэстанцкіх Цэркваў у Еўропе
Падпісантамі сталі старшыня Супольнасці Евангельскіх Цэркваў у Еўропе Готфрыд Лохер і старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох.
“Падчас падрыхтоўчых размоў перад сустрэчай мы ўбачылі, колькі паміж намі станоўчага і агульнага. І на аснове гэтага мы хочам ісці далей”, - сказаў кардынал Кох у інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму агенцтву “KNA”. Ён растлумачыў, што ў першую чаргу будзе абмяркоўвацца пытанне рознага самавызначэння Цэркваў, і толькі потым можна будзе думаць пра далейшую мэту, якой з’яўляецца супольнасць св. Камуніі.
Ватыканскі іерарх не ўдакладніў плану працэсу дыялогу. Ён заўважыў аднак, што “экуменізм павінен спалучаць у сабе жаданне і цярпенне, а дакладнасць павінна быць больш важная, чым хуткасць”.
Падпісанню дэкларацыі аб дыялогу папярэднічалі некалькі гадоў вывучэння сітуацыі. У справаздачы рабочай групы было падкрэслена, што Супольнасць пратэстанцкіх цэркваў у Еўропе і Каталіцкі Касцёл значна больш, чым лічылася раней, наблізіліся ў пытанні разумення Касцёла, такім чынам, існуюць добрыя перспектывы для далейшага дыялогу і збліжэння.
Супольнасць аб’ядноўвае каля ста пратэстанцкіх Цэркваў у 30 еўрапейскіх краінах і некалькі ў Лацінскай Амерыцы, заснаваных выхадцамі з Еўропы. Яна была створана 1 кастрычніка 1974 г. і сёння прадстаўляе 50 мільёнаў вернікаў, між іншым, лютэран, рэфарматаў, вальдэнсаў і метадыстаў.