Святы Пасад у ААН: будаваць мір, а не яго ілюзію
Палітыка, якая абапіраецца на валоданні ядзернай зброяй супярэчыць духу і мэтам ААН, таму што ядзерная зброя не можа стварыць для нас стабільнага і бяспечнага свету, паколькі мір і міжнародная стабільнасць не могуць быць заснаваныя на гарантаваным узаемным знішчэнні ці на пагрозе поўнага знішчэння, агучыў ватыканскую пазіцыю арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.
Наступствы ядзернай зброі прадказальныя і жудасныя, а ахвяры яе выкарыстання па-ранейшаму прымушаюць нас прызнаць, што поўная ліквідацыя гэтага віду ўзбраення з’яўляецца не толькі пытаннем бяспекі, але і маральным, гуманітарным і экалагічным імператывам, звярнуў увагу дыпламат.
Арцыбіскуп Галахер з жалем заўважыў, што ў апошні час адсутнічае прагрэс у галіне ядзернага раззбраення, а некаторыя дзяржавы развіваюць магчымасці стварэння такой зброі.
Толькі праз давер можа быць усталяваны сапраўдны і трывалы мір паміж народамі, выключна давер можа вярнуць нас на шлях канструктыўнага дыялогу і перамоў па будаванні свету, вольнага ад ядзернай зброі, падкрэсліў ватыканскі іерарх.
Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў працаваць на карысць сапраўднага міру, а не яго ілюзіі, паколькі імкненне да бяспекі і стабільнасці з’яўляецца адным з самых глыбокіх памкненняў чалавечага сэрца.