Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сінод Біскупаў: роля Касцёла ў пошуку міру і справядлівасці

Права на мір і стабільнасць, якога пазбаўлена значная частка сучаснай моладзі, стала адным з цэнтральных пытанняў чарговага пасяджэння Сінода Біскупаў.

Падчас дыскусій 11 кастрычніка 2018 г. удзельнікі біскупскага сходу казалі пра выклікі рэлігійнага фундаменталізму і карупцыі, “якія павіслі на гарызонце веры і надзеі моладзі”. Адказ на прагу справядлівасці, на думку іерархаў, трэба шукаць у добрым хрысціянскім і чалавечым выхаванні. У гэтай справе яны, аднак, адмаўляюцца ад выключна “заходняга” падыходу. Патрэбны культурныя змены: большая ўвага да пытанняў міграцыі, беднасці і страты – асабліва моладдзю паўднёвай часткі свету – сваіх культурных каранёў.

Сінадальныя дыскусіі выявілі наспелы запыт павялічыць прысутнасць і ролю ў Касцёле жанчын і спрыяць душпастырству, уважліваму да прынцыпу роўнасці. Выказвалася меркаванне, што жанчыны ў стане пасадзейнічаць разрыву тых “замкнёных клерыкальных колаў”, якія, магчыма, спрыялі ўтойванню фактаў сексуальнага злоўжывання.

Увага Сінадальных Айцоў была скіравана таксама да праблемы так званых “нерэгулярных” мігрантаў. Прагучала пажаданне, каб Касцёл быў голасам найбольш уразлівых з гэтай катэгорыі людзей.

Нарэшце, выступленні прадстаўнікоў шэрагу рэлігійных супольнасцей, якія дагэтуль не дасягнулі поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, утрымлівалі надзею на абноўленае дыханне Духа, якое б дапамагло хрысціянам прадстаўляць сваю веру без жорсткіх формул, з павагай да Евангелля. Гаворка ішла пра неабходнасць падштурхоўваць маладых людзей – праз малітву і аскетызм – да прыватных, сяброўскіх стасункаў з Хрыстом, асабліва сёння, у часы “імправізаваных знаўцаў, якія абвяшчаюць сябе ўладальнікамі праўды”.

Неаднаразова ў выступленнях удзельнікаў Сінода закраналася тэма сям’і. Падкрэслівалася важнасць місіі па ўзмацненні хрысціянскіх сужэнстваў, бо гэта тая рэчаіснасць, у якой моладзь знаходзіць карані, неабходныя для далейшага здаровага росту.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 кастрычніка 2018, 14:38