Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Удзельнікі Сінода Біскупаў вялі дыскусіі ў рабочых групах

Удзельнікі Сінода Біскупаў правялі першыя дыскусіі ў рабочых групах, так званых “circoli minori”, паведаміў 6 кастрычніка 2018 г. прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні падчас брыфінгу ў Ватыкане.

На Сінодзе было сфарміравана чатырнаццаць груп – тры франкамоўныя, чатыры – англамоўныя, тры – італьянамоўныя, дзве іспанамоўныя, па адной нямецкамоўнай і партугаламоўнай. Для кожнай былі выбраны дакладчык і мадэратар.

На сённяшні дзень у рамках агульных кангрэгацый з дакладамі выступілі 66 Сінадальных Айцоў і 9 аўдытараў. З Цэнтральна-Усходняй Еўропы слова бралі: арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч, дапаможны біскуп Вільнюскай архідыяцэзіі Дарыюс Трыёніс і дапаможны біскуп Кельцкай дыяцэзіі Мар’ян Флорчык.

У панядзелак удзельнікі Сінода Біскупаў завершаць абмеркаванне першай часткі Працоўнага дакументу (Instrumentum laboris) і пачнуць разглядаць наступныя, заўважыў Паола Руфіні.

Падчас брыфінгу выступіў кардынал Джузэпэ Версальдзі, прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, які зазначыў, што Сінод дазваляе прадстаўнікам розных частак Касцёла адчуць дух “супольнага пілігрымавання”, дазваляе сабрацца разам у прысутнасці Папы. “Гэта досвед, які вельмі ўзбагае, што можа пацвердзіць кожны Сінадальны Айцец”, - сказаў ён. Іерарх назваў Сінод “малым Саборам”, які, на яго думку, дае магчымасць убачыць два важныя аспекты касцёльнай рэчаіснасці: паўсюднасць і еднасць у адметнасцях.

Кардынал Версальдзі падзяліўся, што на ім зрабіла глыбокае ўражанне сведчанне прадстаўнікоў супольнасцей з невялікай колькасцю вернікаў. “Многія Касцёлы, якія складаюць меншасць у сваіх краінах – больш жыццядайныя”, - лічыць ватыканскі іерарх.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 кастрычніка 2018, 15:23