Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

#Synod2018: справаздачы рабочых груп і пілігрымка ўдзельнікаў

На Сінодзе Біскупаў былі прадстаўлены справаздачы рабочых груп па другой частцы Працоўнага дакумента, паведаміў падчас брыфінгу 16 кастрычніка 2018 г. прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні.

Чатырнаццаць справаздач былі прысвечаны адной тэме: “Інтэрпрэтаваць: вера і распазнанне паклікання”. Сінадальныя Айцы падкрэслівалі, што кожны чалавек мае сваё пакліканне, якое заключаецца ў імкненні да святасці і радасным дарэнні сябе іншым.

Адзначалася важнасць дапамогі маладым людзям у грунтоўным распазнанні кожным з іх свайго паклікання, заўсёды паважаючы іх свабоду і не забываючыся пра першаснасць дзеяння Бога. Сустракаючыся з позіркам Езуса, яны будуць у стане зразумець сваю глыбокую тоеснасць і ўклад, які могуць і павінны зрабіць на карысць Касцёла і грамадства.

Падкрэслівалася, што асабістая сустрэча з Хрыстом знаходзіцца ў фундаменце кожнага рашэння адносна паклікання. Такім чынам, існуе вялікая патрэба ў адпаведным асяроддзі і дзейнасці касцёльных супольнасцей, а таксама ў добра падрыхтаваных асобах, якія дапамогуць у распазнанні. Прычым, яны
не абавязкова павінны быць з духавенства.

Распазнанне паклікання патрабуе не столькі належнай метадалогіі, колькі пераканаўчага сведчання, якое дапаможа маладым людзям свабодна адказаць на пакліканне Пана, якое з’яўляецца не прымусам, а запрашэннем, зазначалі Сінадальныя Айцы.

Пастыры павінны ўмець пасадзейнічаць глыбокаму знаёмству маладых людзей з верай, дапамагчы ім спазнаць радасць братэрства, смак малітвы і жаданне сведчання аб евангельскім жыцці. Падкрэслівалася важнасць сакрамэнтальнага жыцця для моладзі, асабліва сакрамэнту Эўхарыстыі.

Сінадальныя Айцы адзначалі важнасць укладу людзей з рознымі формамі няпоўнаспраўнасці ў касцёльнае жыццё. Яны з’яўляюцца дарам і актыўнымі суб’ектамі перамены супольнасцей, бо даюць усім магчымасць адкрыцца на ўзаемную салідарнасць.

Такая ж увага павінна надавацца самотным асобам і тым, якія маюць гомасексуальныя схільнасці, бо заданне Касцёла заключаецца ў тым, каб суправаджаць маладых людзей і дапамагаць ім надаваць сэнс уласнаму жыццю. Бог мае вялікую задуму адносна кожнага чалавека, казалі ўдзельнікі Сінода.

Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі распавёў, што раніцай 25 кастрычніка ў Рыме адбудзецца пешая пілігрымка ў інтэнцыі Сінода Біскупаў. Шлях у шэсць кіламетраў будзе пралягаць ад паўночнай часткі Вечнага горада да базылікі св. Пятра. Пілігрымку ўвянчае св. Імша на галоўнай ватыканскай плошчы.

Паола Руфіні таксама паведаміў, што раніцай 16 кастрычніка французскія біскупы перадалі Святому Айцу каля 1500 паштовак ад юнакоў і дзяўчат школьнага ўзросту з васьмі дыяцэзій Парыжскага рэгіёна, якія ўдзельнічалі ў перадсінадальнай сустрэчы на мясцовым узроўні.

У Сінадальным зале пачалося абмеркаванне трэцяй часткі Працоўнага дакумента Асамблеі, якая прысвечана душпастырскаму і місійнаму навяртанню. Генеральны рэлятар Сінода, кардынал Серджыу да Роша, казаў, што Касцёл павінен выйсці насустрач моладзі, зрабіць крок наперад у любові, мець адкрыты і місійны характар.

Удзельнікамі біскупскага сходу падкрэслівалася неабходнасць фармавання моладзевых лідэраў, бо ад іх залежыць будучыня свету. Душпастырства моладзі павінна быць якасным, а не нагадваць “масавую вытворчасць”. Яно павінна дапамагаць маладым людзям знаходзіць адказы на пытанні аб сэнсе жыцця і ствараць даверлівыя адносіны да Касцёла.

Зазначалася, што Касцёл павінен мець пакору, каб адмовіцца ад прывычных схем. Калі маладыя людзі будуць бачыць, як пастыры ідуць насустрач людзям, яны таксама будуць мець адвагу “падняцца з канапы” і служыць супольнаму дабру і бедным.

Гаворка ізноў вялася пра стварэнне моладзевых радаў на ўзроўні дыяцэзій, пра каштоўнасць народнай пабожнасці, важнасць музыкі ў працэсе евангелізацыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 кастрычніка 2018, 14:39