Святы Пасад у ААН пра тэрарызм, кіберзлачыннасць і наркатрафік
Гэта думка прагучала падчас выступленняў арцыбіскупа Бернардзіта Аусы на 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў міжнародную супольнасць прыняць эфектыўныя меры для прадухілення вярбоўкі, навучання і фінансавання патэнцыйных тэрарыстаў, а таксама здзяйснення тэрарыстычных актаў. Асаблівая ўвага павінна быць звернута на радыкалізацыю моладзі праз СМІ і кібер-тэхналогіі.
Сродкі бяспекі і ваенныя метады ніколі не будуць дастатковымі для барацьбы з тэрарызмам. Патрэбны кантроль за выкананнем правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права. Захаванне асноватворных прынцыпаў справядлівасці дапаможа заваяваць давер суполак, дзе тэрарыстычныя арганізацыі шырока распаўсюджаны. Ключом да прадухілення тэрарызму ў доўгатэрміновай перспектыве з’яўляецца інтэгральнае развіццё чалавека, гуманітарны і эканамічны прагрэс.
Але нават цалкам развітае грамадства не можа застрахавацца ад тэрарызму, калі тэрарыстычная прапаганда лёгка даступная ў інтэрнэце, заўважыў ватыканскі дыпламат. Талерантнасць і дыялог паміж цывілізацыямі, умацаванне міжканфесійнага і міжкультурнага ўзаемаразумення таксама спрыяюць прадухіленню тэрарызму.
Святы Пасад занепакоены ростам кіберзлачыннасці і яе эвалюцыяй. Не можна недаацэньваць велізарнай шкоды, якую яна прычыняе дзецям і падлеткам. Патрэбна ўсведамленне сур’ёзнасці праблемы, прыняцце адпаведнага заканадаўства, прыцягненне да адказнасці кіберзлачынцаў.
Арцыбіскуп Ауса звярнуў увагу на пастаянны рост злоўжывання наркотыкамі, незаконнага абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Яшчэ большую занепакоенасць Святога Пасаду выклікае абыякавасць грамадскай думкі і меркаванне, што дэкрыміналізацыя наркотыкаў – гэта лепшы спосаб для барацьбы з іх незаконным гандлем. У такім падыходзе абсалютна адсутнічае разуменне сур’ёзнасці наступстваў для ахвяр.
Барацьба з наркотыкамі, кіберзлачыннасцю і іншай арганізаванай злачыннай дзейнасцю павінны быць выйграна, падкрэсліў ватыканскі дыпламат. Хоць гэта цяжкая бітва, удзел у ёй, гэта абарона ўсёй чалавечай сям’і, нагадаў ён думку папы Францішка.