Святы Пасад пракаментаваў справу арцыбіскупа МакКарыка
Святы Айцец распарадзіўся апублікакаваць спецыяльную заяву, усведамляючы якое замяшанне ў сумленні вернікаў выклікала абнародванне абвінавачванняў адносна паводзінаў іерарха.
У дакуменце гаворыцца, што ў верасні 2017 г. Нью-Ёркская архідыяцэзія паінфармавала Апостальскую Сталіцу аб абвінавачванні з боку пэўнага мужчыны ў злоўжыванні, якое тагачасны кардынал МакКарык здзейсніў у 1970-я гг..
“Святы Айцец прыняў рашэнне аб старанным папярэднім расследаванні па гэтым пытанні. Яно было праведзена Нью-Ёркскай архідыяцэзіяй, а адпаведная дакументацыя па яго выніках была перададзена ў Кангрэгацыю Веравучэння. Паколькі ў ходзе расследавання былі выяўлены сур’ёзныя доказы, Святы Айцец прыняў адстаўку арцыбіскупа МакКарыка з Калегіі кардыналаў, забараніўшы яму публічнае служэнне і абавязаўшы праводзіць жыццё ў пакаянні і малітве”, - гаворыцца ў паведамленні.
Падкрэсліваецца, што Апостальская Сталіца абавязуецца ў належны час абнародаваць вынікі працэса па справе арцыбіскупа. Што тычыцца іншых абвінавачванняў, выстаўленых супраць яго, Святы Айцец таксама распарадзіўся аб дапаўненні дадзеных, сабраных у выніку папарэдняга расследавання, праз яшчэ адно стараннае вывучэнне усёй дакументацыі адносна тагачаснага кардынала МакКарыка, якая знаходзіцца ў архівах дыкастэрый і структур Святога Пасаду.
“Святы Пасад асэнсоўвае, што ў выніку аналізу фактаў і абставінаў могуць быць выяўлены рашэнні, якія не адпавядаюць цяперашняму падыходу да падобных пытанняў. Тым не менш, як сказаў папа Францішак, “мы пойдзем па шляху праўды, куды б ён нас не прывёў”. Як у адносінах злоўжыванняў, так і іх утойвання, больш нельга праяўляць цярпімасць, а іншыя адносіны да біскупаў, якія іх здзяйснялі або ўтойвалі, уяўляюць сабой цалкам недапушчальную форму клерыкалізма”, - гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.
У апошняй частцы дакумента паўтараецца заклік Святога Айца да аб’яднання намаганняў, каб супрацьстаяць цяжкой роне злоўжыванняў унутры і за межамі Касцёла, а таксама, каб прадухіліць далейшае здзяйсненне падобных злачынстваў. Нагадваецца, што Францішак склікаў старшынь епіскапатаў з усяго свету сабрацца ў Рыме ў лютым наступнага году, каб разам абмеркаваць гэта пытанне.