Ватыканскі форум аб наркатычнай і іншых формах залежнасці
Форум арганізаваны Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. 465 экспертаў з 63 краін свету і буйных міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН, прадставяць сітуацыю як з так званымі “старымі наркотыкамі”, так і новымі псіхатропнымі сродкамі, якія прадаюцца ў інтэрнэце па даступным кошце.
Падчас прэзентацыі канферэнцыі, якая прайшла ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы, прыводзіліся некаторыя статыстычныя дадзеныя. Так, напрыклад, у 2015 г. каля 250 млн. чалавек у свеце ўжывалі наркотыкі прынамсі аднойчы. Каля 30% з іх пакутуюць ад хвароб, выкліканых ужываннем наркатычных сродкаў і маюць патрэбу ў спецыялізаванай медыцынскай дапамозе.
На ватыканскім форуме гаворка пойдзе і пра сітуацыю з іншымі формамі залежнасці, напрыклад, ад інтэрнэту, азартных гульняў і сексу.
Падкрэслівалася, што адказам Касцёла на ўзгаданы феномен з’яўляюцца “евангелізацыя і суправаджэнне”. Менавіта таму на форуме выступяць эксперты з касцёльных рэабілітацыйных цэнтраў, якія прадставяць прыклады прафілактыкі, рэабілітацыі і рэінтэграцыі ў грамадства асоб з залежнасцю, якія дапамагаюць ім зноў адкрыць сваю годнасць.
1 снежня ўдзельнікаў канферэнцыі прыме на аўдыенцыі папа Францішак.