Пошук

Папская швейцарская гвардыя Папская швейцарская гвардыя 

Ватыкан: пашыраецца склад Папскай швейцарскай гвардыі

Папская швейцарская гвардыя пашырыла свой склад. З 1 снежня 33 унтэрафіцэры ўвайшлі ў падраздзяленне па ахове Пантыфіка і Ватыкана. Раней іх было 26.

Аб гэтым паведаміў адказны ў ваенным фарміраванні за супрацоўніцтва з СМІ Урс Брайтэнмозэр. Пашырэнне складу, гэта апраўданая мера, патлумачыў ён, паколькі растуць запатрабаванні і пашыраецца зона адказнасці. У канцы красавіка 2018 г. Францішак зацвердзіў павелічэнне агульнай колькасці гвардзейцаў з 110 да 135.

Швейцарскую гвардыю ўзмацнілі 13 капралаў, 12 віцэ-капралаў і 8 вахмістраў. Ніколі раней не адбывалася такога вялікага набору адначасова. Нязменнай застаецца колькасць вышэйшага афіцэрскага складу – непасрэднае кіраўніцтва ажыццяўляюць шэсць афіцэраў. У гэту групу ўваходзіць капелан у званні падпалкоўніка.

Гвардзейцы выконваюць ганаровы абавязак аховы Папы і Апостальскага палацу, а таксама меж Дзяржавы Ватыкан. Афіцэры суправаджаюць Святога Айца ў замежных падарожжах. Асноўны склад Швейцарскай гвардыі, гэта рэкруты, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу на працягу 26 месяцаў.

Сапраўдным подзвігам самай невялікай арміі ў свеце лічыцца бітва гвардзейцаў з 20-тысячнай арміяй імператара Карла V 6 мая 1527 г., падчас славутай аблогі Рыма. Падчас абароны загінулі 142 з 189 гвардзейцаў. Гэта была самая драматычная бітва ў гісторыі Швейцарскай гвардыі. У памяць пра гэтыя падзеі прысяга новых рэкрутаў штогод адбываецца 6 мая.

05 снежня 2018, 12:39