Пошук

Папа Павел VI і Патрыярх Афінагор Папа Павел VI і Патрыярх Афінагор 

55 гадоў гістарычнаму візіту Паўла VI у Святую Зямлю

4-6 студзеня 1964 г. адбылося першае ў гісторыі падарожжа Наступніка св. Пятра на радзіму Езуса Хрыста. Гэтым візітам Павел VI распачаў эпоху папскіх пілігрымак па свеце.

Пантыфік накіраваўся ў Святую Зямлю ў самы разгар Другога Ватыканскага Сабора, каб памаліцца на тым месцы, адкуль распаўсюдзілася па свеце хрысціянскае пасланне. Першым пунктам яго пілігрымкі ў “калыску хрысціянства” быў Аман. Тут Папу прыняў іарданскім кароль Хусэйн бен Талал, які ў той час ажыцяўляў уладу над тэрыторыяй Заходняга берагу ракі Іардан і Усходняга Іерусаліма.

“Наш візіт мае духоўны характар. Гэта сціплая пілігрымка да сакральных месцаў, якія зрабіла святымі нараджэнне, мука і смерць Езуса Хрыста, а таксама Яго хвалебнае ўваскрасенне і ўнебаўшэсце. У кожным з гэтых вялебных санктуарыяў мы будзем маліцца аб супакоі, які Езус пакінуў сваім вучням, аб супакоі, якога свет не можа даць, але які з’яўляецца плёнам выканання Яго запаведзі: любіце адно аднаго, як Я вас палюбіў”, - сказаў Папа манарху.

Пантыфік наведаў узбярэжжа ракі Іардан, дом Лазара ў Бэтаніі, пасля чаго накіраваўся ў Іерусалім, дзе цэлебраваў Эўхарыстыю ў базыліцы Святога Гроба. “Зараз патрэбна, каб наш розум абудзіўся. Усвядомім жа, з шчырым жалем, усе нашы грахі, грахі нашых бацькоў, грахі мінулай гісторыі, нашых часоў, грахі свету, у якім мы жывём”,- заклікаў ён ля магілы Езуса.

На наступны дзень, на Аліўнай гары, Павел VI сустрэўся з Патрыярхам Канстантынопальскім Афінагорам. Іх супольная малітва на лацінскай і грэчаскай мове стала першым крокам да ўзаемнага зняцця экскамунікі, што падзялала хрысціянскі свет з 1054 г.

5 студзеня 1964 г. Святы Айцец наведаў яўрэйскую частку Іерусаліма і сустрэўся з ізраільскімі ўладамі, якіх запэўніў у малітве за юдэйскі народ, “ролю якога ў рэлігійнай гісторыі чалавецтва немагчыма забыць”.

У рамках пілігрымкі Павел VI здзейсніў візіт у Назарэт, наведаў Галілейскае мора, Кафарнаўм, гару Благаслаўленняў і гару Табор, пасля чаго вярнуўся ў Іерусалім, дзе нагадаў пра ўклад Пія ХІІ у выратаванне вялікай колькасці яўрэяў у часы Другой сусветнай вайны.

Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, 6 студзеня 1964 г., Пантыфік цэлебраваў св. Імшу ў Бэтлееме, заклікаючы да міру ў свеце і еднасці паміж хрысціянамі. Ён яшчэ раз сустрэўся з Патрыярхам Афінагорам і каталіцкай супольнасцю Іерусаліма, пасля чаго вярнуўся ў Аман, адкуль вылецеў у Рым.

Па вяртанні ў Ватыкан Павел VI сказаў: “Маё падарожжа не было толькі адзінарным і духоўным фактам, але стала падзеяй, якая можа мець вялікую гістарычную важнасць. Гэта звяно, якое злучае векавую традыцыю; магчыма гэта пачатак новых падзей, якія змогуць быць вялікімі і карыснымі для Касцёла і чалавецтва.”

Навіна ў фармаце аўдыё
04 студзеня 2019, 15:16