Святы Пасад: АБСЕ патрабуе усёабдымнай сістэмы бяспекі
Аб гэтым заявіў Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе мансеньёр Януш Урбанчык 10 студзеня 2019 г., падчас чарговага пасяджэння Пастаяннай рады АБСЕ.
Вітаючы новага старшыню Арганізацыі, міністра замежных спраў Славакіі Міраслава Лайчака, кс. Урбанчык адзначыў, што АБСЕ тэрмінова патрабуе выпрацоўкі “ўсёабдымнага падыходу да бяспекі”, каб эфектыўна адказваць на выклікі і пагрозы стабільнасці і супакою ў рэгіёне.
У чалавечым вымярэнні па-ранейшаму важным застаецца забеспячэнне ўніверсальнай павагі да правоў чалавека, беспамылковым паказчыкам якой, па словах ватыканскага дыпламата, застаецца гарантаванне свабоды веравызнання.
У чарговы раз ватыканскі дыпламат пацвердзіў адданасць Святога Пасаду Мэтам устойлівага развіцця да 2030 г., бо яны сведчаць пра тое, што міжнародная супольнасць аддае перавагу салідарнасці замест эгаізму,” – “салідарнасці з сённяшнімі адчужанымі, салідарнасці з заўтрашнімі беднымі, салідарнасці з будучымі пакаленнямі”.
Нарэшце, Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў АБСЕ падтрымаў курс на далейшыя дыскусіі па ўключэнні моладзі ў ініцыятывы Арганізацыі па забеспячэнні усёабдымнай сістэмы бяспекі, што, па яго словах, патрабуе дасягнення аднолькавага бачання ўсімі краінамі-членамі АБСЕ метадаў, мэт і накірункаў працы.
Славакія распачала гадавое старшынства ў АБСЕ 1 студзеня 2019 г. У мінулым годзе працай Арганізацыі кіраваў прадстаўнік Італіі. У 2020 г. кіраўнічыя паўнамоцтвы будуць перададзены Албаніі.