Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Абарона непаўналетніх у Касцёле: першы дзень саміту

Першая сесія сустрэчы “Абарона непаўналетніх у Касцёле” стала моцным досведам для ўсіх яе ўдзельнікаў, адзначалася на брыфінгу, які прайшоў 21 лютага 2019 г. у інстытуце “Аўгустыніянум”.

Адной з галоўных рыс першага дня саміту было слуханне. Іерархі і настаяцелі манаскіх супольнасцей, якія прыбылі ў Ватыкан з розных частак свету, уважліва слухалі сведчанне ахвяр злоўжыванняў, “якія просяць аб павазе да сваіх пакут”. Сведчанні былі кароткімі, але вельмі глыбокімі.

Перад удзельнікамі нарады выступіў з дакладам філіпінскі кардынал Луіс Антоніа Тагле, арцыбіскуп Манілы, які казаў пра важнасць прыняцця адказнасці за лячэнне ран ахвяр. Ён нагадаў пра патрэбу справядлівасці, увагі, ласкавасці, пра святы абавязак біскупа – бараніць свой народ.

Іншы дакладчык, мальтыйскі арцыбіскуп Чарльз Шыклуна, дапаможны сакратар Кангрэгацыі Веравучэння, звярнуў увагу на патрэбу ў тым, каб самі вернікі не ўтойвалі фактаў неналежных паводзін прадстаўнікоў духавенства. Ён казаў пра важнасць уважлівага і кампетэнтнага расследавання выпадкаў злоўжыванняў, супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўладамі. Напрыклад, у выпадку дзіцячай парнаграфіі, біскуп не мае кампетэнцыі правяраць камп’ютэр святара, а праваахоўныя органы – так, заўважыў іерарх. Бяспечныя ўмовы для непаўналетніх павінны стварацца ў супрацоўніцтве з усімі зацікаўленымі ў іх бяспецы, дадаў ён.

Перад дыскусіяй у групах, удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць пытанні дакладчыкам. Некаторыя з іх тычыліся таго, як дапамагчы невялікім Касцёлам у барацьбе з сексуальнымі злачынствамі і ў іх прафілактыцы. Адзначалася, што біскупы павінны прымаць дапамогу з боку свецкіх вернікаў, больш шчыльна супрацоўнічаць з манаскімі супольнасцямі.

На заканчэнне брыфінгу прагучалі некалькі пытанняў ад журналістаў. Адзін з іх запытаўся, ці абмяркоўвалася ўдзельнікамі сустрэчы ўзаемасувязь паміж цэлібатам і злоўжываннямі. Кс. Фэдэрыка Ламбардзі, мадэратар ватыканскага саміту, заўважыў, што гэта тэма, магчыма, яшчэ будзе ўздымацца, але пры гэтым падкрэсліў, што не бачыць тут прамой узаемасувязі.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 лютага 2019, 16:10