Пошук

Падчас ватыканскага саміту Падчас ватыканскага саміту 

Абарона непаўналетніх: празрыстасць у працэдурах і камунікацыі

Трэці дзень працы саміту па абароне непаўналетніх, скліканага ў Ватыкане, быў прысвечаны пытанням адкрытасці, празрыстасці і камунікацыі. Менавіта гэтыя аспекты адлюстроўваліся ў дакладах.

Нігерыйскай законніца Вераніка Апэніба, Генеральная настаяцельніца манаскай Кангрэгацыі Святога Дзіцятка Езус, у сваім выступленні заклікала
кожнага з прысутных ставіцца да праблемы сексуальнага гвалту як да асабістай правіны, несці разам калектыўную адказнасць за наступствы здзейсненых злачынстваў. “Нашыя пасрэднасць, крывадушнасць і ліслівасць прывялі нас у ганебны і абуральны пункт, у якім мы як Касцёл апынуліся”, - заўважыла сястра Вераніка.

Яна назвала тры недапушчальныя формы паводзін у дачыненні да выпадкаў сексуальных злоўжыванняў: “утойванне, маўчанне і падтрымку”. На яе думку, публічнае прызнанне здзейсненага акту насілля – “гэта першы крок да сапраўднай празрыстасці”.

Па словах настаяцельніцы, неабходны “больш дзейсныя і эфектыўныя працэсы”, перайманне лепшых практык, распрацаваных у розных частках свету. Патрэбна “ясная і ўраўнаважаная” адукацыя свецкіх вернікаў і прадстаўнікоў духавенства адносна сексуальнасці, а таксама феноменаў прастытуцыі, гандлю людзьмі, асабістай нявернасці.

Другая прамова – кардынала Рэйнхарда Маркса, арцыбіскупа Мюнхена і Фрайзінга, старшыні нямецкага епіскапату, – была сканцэнтравана на адміністрацыйных працэдурах у дачыненні да выпадкаў сексуальных злоўжыванняў у асяродку каталіцкага духавенства.

Па словах пурпурата, гэтыя працэдуры павінны адпавядаць місіі Касцёла і крытэрыям празрыстасці; у адваротным выпадку яны спараджаюць злоўжыванне ўладай, якое, у сваю чаргу, можа прывесці да сексуальнага насілля. Злоўжыванне ўладай, па яго словах, пачынаецца тады, калі кіраўніцтва забываецца пра сваю функцыю служэння людзям для дасягнення больш высокіх мэт і клапоціцца толькі пра сябе.

“[У значнай ступені менавіта злоўжыванне ўладай стала прычынай сексуальнага гвалту над дзецьмі і падлеткамі]”

, - працягнуў кардынал Маркс. З такога пункту гледжання, касцёльнае кіраўніцтва не паспрыяла выкананню місіі Касцёла, а, наадварот, зацямніла яе, дыскрэдытавала і зрабіла немагчымай.

Іерарх нагадаў пра выпадкі, калі дасье, якія маглі б задакументаваць жудасныя акты і назваць імёны адказных, знішчаліся або ўвогуле не ствараліся, калі ахвяр гвалту вымушалі захоўваць маўчанне, а працэдуры, неабходныя для распачацця судовай справы, наўмысна адмяняліся. “Усё гэта падзеі, якія знаходзяцца ў поўнай супярэчнасці з тым, што павінен бы быў прадстаўляць сабой Касцёл”, - сказаў нямецкі іерарх.

Каб ажыццяўляць усе заданні, якія нараджаюцца з місіі Касцёла, яму патрэбна ў поўнай ступені функцыянальнае кіраўніцтва, якое б засноўвалася на прынцыпе справядлівасці. Таму важна, на думку пурпурата, распрацаваць празрыстыя працэдурныя нормы і правілы для ўнутрыкасцёльных судовых працэсаў і рабіць даступнай і празрыстай інфармацыю пра колькасць спраў па абвінавачваннях у злоўжываннях і іх дэталі.

Пра патрэбу ў празрыстасці інфармацыі казала таксама мексіканская журналістка Валянціна Алазракі. У сваёй прамове яна падкрэсліла, што насілле над малалетнім і замоўчванне гэтага акту аднолькава агідныя. Чым менш сродкі масавай інфармацыі і адпаведна грамадскасць інфармуюцца адносна такіх выпадкаў, тым больш вялікім будзе ў выніку абурэнне, перасцерагла спадарыня Алазракі.

“[Недахоп празрыстасці ўспрымаецца як новае насілле ў дачыненні да ахвяр]”

, - сказала яна. Неінфармаванне спараджае клімат падазронасці, узбуджае гнеў і нянавісць да адпаведных інстытутаў. На думку журналісткі, станоўчым крокам была б гатоўнасць Касцёла браць на сябе ініцыятыву і першым інфармаваць грамадскасць аб выпадках злоўжыванняў.

Каб увасобіць прынцып празрыстасці на практыцы, на думку спадарыні Алазракі, неабходна выслухоўваць саміх ахвяр гвалту і ставіцца да іх як да людзей, а не “лічбаў” або “статыстычных дадзеных”. Акрамя таго, эксперт выказала перакананасць у неабходнасці стварэння стандартызаваных і адначасова гнуткіх структур камунікацыі, пачынаючы з асобных парафій і заканчваючы Святым Пасадам, таму што “дрэнная або недастатковая інфармацыя ўжо нанесла вялікую шкоду”.

24 лютага 2019, 10:00