Пошук

Вывеска на штаб-кватэры Папскай акадэміі жыцця Вывеска на штаб-кватэры Папскай акадэміі жыцця 

Папская акадэмія жыцця адзначае 25-годдзе

Папская акадэмія жыцця заўсёды стаіць на абароне чалавека як цэнтра ўсяго стварэння, сцвярджаючы, што чалавечае жыццё мае годнасць само па сабе, таму што паходзіць ад Бога.

Пра гэта сказаў арцыбіскуп Вінчэнца Палья, Старшыня Папскай акадэміі жыцця, у інтэрв’ю з нагоды 25-годдзя існавання дыкастэрыі.

Акадэмія была заснавана святым Янам Паўлам II і зацверджана дакументам у форме motu proprio “Vitae Mysterium” 11 лютага 1994 г. За час існавання яна зведала перагляд свайго статуту і змену складу, аднак захавала першапачатковую мэту дзейнасці: абвяшчаць Евангелле жыцця ў рознай гістарычнай і культурнай сітуацыі, кіруючыся педагогікай, вернай евангельскім праўдам, і ўважлівай да знакаў часу.

“Інтуіцыя св. Яна Паўла II зыходзіла з таго факту, што вымярэнне жыцця станавілася важнай часткай таго, што мы можам назваць вялікім антрапалагічным пытаннем”, - пракаментаваў іерарх. Па яго словах, на працягу 25 гадоў Акадэмія абараняла і развівала разуменне ўсяго таго, што так ці інакш звязана з жыццём.

На думку арцыбіскупа Пальі, сёння, як ніколі раней, мы рызыкуем апынуцца пад уплывам тэхнікі, якая пагражае свабодзе, роўнасці і братэрству. У сувязі з гэтым ён спаслаўся на заклік папы Францішка, “быць прысутнымі” ў гэтых новых навуковых перспектывах.

У распаўсюджаным раней віншавальным лісце Пантыфік заўважыў, што Акадэмія заўсёды працавала ў напрамку “пашырэння і абароны чалавечага жыцця”, выкрывання таго, што супярэчыць Духу жыцця і кідае ў антыкультуру смерці. Ён напісаў, што “эпахальныя перамены, якія мы перажываем, павінны быць накіраваны на служэнне чалавеку з павагай да яго годнасці”.

Па словах Францішка, усе мы павінны звярнуць увагу на навуковае развіццё, спрыяць яму, не дазваляючы, аднак, каб яно атручвала самога чалавека, патлумачыў арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

У будучым “мы павінны засвоіць мову і гісторыю жыцця людзей нашага часу, уключаючы прапаведванне Евангелля ў канкрэтныя практыкі. Такім чынам можна будзе пазбегнуць звядзення жыцця ўсяго толькі да біялагічнага паняцця або да ўніверсаліі, адарванай ад сувязей і ад гісторыі”, гаворыцца, між іншым, у віншавальным лісце Святога Айца.

Францішак заклікаў супрацоўнікаў Акадэміі выходзіць на новыя франты дзейнасці, якія адкрываюцца разам з тэхналагічным прагрэсам і развіццём глабальнай біяэтыкі, – ва ўмовах, якія робяць надзвычай узаемазалежнымі пытанні жыцця і здароўя з сацыяльнымі і экалагічнымі абставінамі, у якіх знаходзіцца чалавецтва.

12 лютага 2019, 13:05