Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Абвешчана тэма Сусветнага дня мігранта і бежанца

“Гаворка ідзе не толькі пра мігрантаў” – так гучыць тэма, якую Святы Айцец выбраў на 105-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца, што будзе адзначацца 29 верасня 2019 г.

У спецыяльным паведамленні Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, якое было абнародавана 3 сакавіка, падкрэсліваецца, што шматлікія заклікі Папы на карысць “мігрантаў, бежанцаў, абяздоленых і ахвяр гандлю людзьмі, павінны разумецца ў святле яго глыбокага клопату пра ўсіх жыхароў экзістэнцыяльных перыферый”.

“Галодны, сасмаглы, вандроўны, голы, хворы і зняволены, які стукае сёння ў нашыя дзверы – гэта сам Езус, Які просіць, каб Яго сустрэлі і аказалі дапамогу. Як сам Святы Айцец падкрэсліў у сваёй гаміліі 15 лютага 2019 г. у Сакрафана: “Гэта сапраўды Ён [Езус], нават калі нашым вачам цяжка распазнаць Яго: з парванай вопраткай, бруднымі нагамі,  скажонным тварам, параненым целам, няздольнага размаўляць на нашай мове”, - прыгадваецца ў камюніке.

Каб спрыяць годнай падрыхтоўцы да Сусветнага дня мігранта і бежанца, ватыканская дыкастэрыя будзе штомесяц праводзіць адмысловыя сустрэчы і распасюджваць адпаведныя інфармацыйныя і мультымедыйныя матэрыялы, пакліканыя дапамагчы глыбей зразумець тэму, якую выбраў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 сакавіка 2019, 14:16