Папскі прапаведнік: выкараняць крывадушнасць, каб убачыць Бога
Духоўнымі разважаннямі з бліжэйшымі супрацоўнікамі Святога Айца а. Раньера Канталамеса падзяліўся 15 сакавіка 2019 г. у ватыканскай капліцы “Redemptoris Mater”.
Італьянскі капуцын засяродзіўся на адным з дадзеных Езусам благаслаўленняў: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5, 8). Сярод шматлікіх значэнняў “чысціні” Папскі прапаведнік вылучыў два: сумленнасць намераў і чысціню звычак. Іх супрацьлегласцю, па словах а. Канталамесы, з’яўляюцца, адпаведна, крывадушнасць і сексуальныя злоўжыванні.
Галоўным чынам, італьянскі капуцын спыніўся на небяспечнай прыродзе крывадушнасці. “Дзіўна, наколькі мала грэх крывадушнасці, які ў Евангеллях найбольш выкрываецца Езусам, уваходзіць у наш паўсядзённы рахунак сумлення”, - зазначыў а. Канталамеса, падкрэсліўшы, што ў значнай частцы гэтая загана аказваецца пераможанай у той самы момант, калі мы яе вызнаём.
Па яго словах, крывадушнасць раўназначная ператварэнню жыцця ў тэатр, у якім выказваюцца на публіку, носяць маскі, становяцца персанажамі, а не асобамі. “Існуе вялікая розніца паміж асобай і персанажам. Персанаж – гэта разлажэнне асобы. Асоба – гэта твар, персанаж – гэта маска. Асоба – гэта радыкальная галізна, персанаж – гэта адзенне, макіяж. Асоба – гэта аўтэнтычнасць і сутнасць, персанаж – гэта прытворства і штучнасць. Асоба падпарадкоўваецца перакананням, персанаж разыгрывае сцэнарый”, - звярнуў увагу папскі прапаведнік.
Па словах капуцына, небяспека крывадушнасці ў тым, што яна адсоўвае на другі план Бога, ставячы на першае месца публіку.
, - перасцярог капуцын і параіў штодня змагацца з крывадушнасцю праз імкненне не хваліцца тым добрым, што робім.
“Езус настойліва раіць наступнае практыкаванне: маліся ў таемнасці, пасціся ў таемнасці, давай міласціну ў таемнасці, і Айцец твой, Які бачыць патаемнае, аддасць табе. Гэта не з’яўляецца, аднак, непахісным правілам. Езус таксама кажа: “Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах” (Мц 5, 16). Гаворка ідзе пра тое, каб адрозніваць, калі добра, каб іншыя ведалі, а калі лепш, каб не ведалі”, - патлумачыў Папскі прапаведнік.
Другой уласцівасцю, развіваць якую ў процівагу крывадушнасці запрашае Езус, з’яўляецца прастата, якая не азначае, аднак, наіўнасці або павярхоўнасці. Быць простым, па словах а. Канталамесы, – значыць не дапускаць, каб дабро, што робіцца для іншых, абцяжарвала; значыць жыць у шчырасці і праўдзе; значыць, не баяцца сонечнага святла. “Прастата – гэта адна з найбольш цяжкіх і найбольш цудоўных заваёў духоўнага шляху”, - дадаў ён.
На заканчэнне казання папскі прапаведнік параіў усім прысутным засяродзіцца і паразважаць над Псальмам 139, бо ён падказвае найбольш эфектыўны сродак барацьбы з крывадушнасцю – шукаць Божага позірку больш за людскі: “Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў, Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю. Здалёк разумееш мае думкі, ці іду, ці адпачываю, Ты са мною, і ўсе мае шляхі вядомыя Табе” (Пс 139 (138), 1-3).
Прапаведнік Папскага дома пажадаў, каб заклік, які гучыць у гэтым псальме – “Даследуй мяне, Божа, і спазнай маё сэрца; выпрабуй мяне і спазнай мае намеры. Глядзі, ці бяспечны мой шлях, і вядзі мяне шляхам адвечным” (Пс 139 (138), 23-24) – стаў уласным прагненнем кожнага верніка.