Пошук

Папа падчас велікапосных рэкалекцый Папа падчас велікапосных рэкалекцый 

Рэкалекцыі Святога Айца: братэрства – залог плённасці місіі

Супольнасць – тэрміновая патрэба нашага часу, адзначыў айцец Бэрнарда Франчэска Марыя Джані падчас рэкалекцый, якія праводзіць для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі ў Арычы.

Падчас медытацый вечарам 13 сакавіка і раніцай 14 сакавіка 2019 г. бэнэдыктынскі абат звярнуў увагу на важнасць братэрства і адкрытасці для паспяховага выканання евангелізацыйнай місіі.

“[Богу спадабалася асвячаць і збаўляць людзей не паасобку, выключыўшы ўсякую ўзаемасувязь паміж імі, а ўтварыць з іх народ, які б пазнаваў Яго ў праўдзе і свята служыў Яму]”

, - нагадаў рэкалекцыяніст словы дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце “Lumen gentium”.

Вялікі пост – гэта прывілеяваны час для адкрыцця сэрца на адзінства і згоду, аднаўлення еднасці з братамі і Богам. Гэта тычыцца кожнай манаскай супольнасці, кожнай касцёльнай адзінкі, у тым ліку Рымскай курыі, пакліканай да “свайго роду братэрскага жыцця” вакол “асобы, вучэння, вернасці і лаяльнасці” Папу, звярнуў увагу манах.

Айцец Бэрнарда заўважыў, што любая місійная дзейнасць без братэрскага і супольнаснага аспекту асуджана на правал. Братэрскае жыццё – гэта дар, таямніца, “містычны досвед прысутнасці Уваскрослага Пана паміж намі” праз любоў, “умацаваную Божым словам і Эўхарыстыяй”, ачышчаную ў “сакрамэнце паяднання”, падтрыманую “малітвай аб еднасці”.

Рэкалекцыяніст заўважыў, што Касцёл павінен быць першым прыкладам еднасці і братэрства для сучаснага грамадства, пазначанага шматлікімі падзеламі. Касцёл павінен заставацца закваскай, даваць сведчанне, ствараць магчымасці для братэрства і адкрытасці.

“[Касцёльная сям’я вучняў і ўсіх гасцей, якія шукаюць у ёй прычыны для надзеі, была рассеяна па свеце як “сакрамэнт або знак і прылада ўнутранага яднання з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва]”

, - сказаў законнік, спасылаючыся на вучэнне Другога Ватыканскага Сабора.

Жыватворнай крыніцай для ўсіх хрысціян тут з’яўляецца Езус. “Гэта значыць, што мы павінны ўкараніць у Хрысце і Яго любові наш позірк веры, наша бачанне. Укаранёнасць у Хрысце робіць адкрытым наша маленькае сэрца на паўсюднае вымярэнне, наколькі паўсюднай з’яўляецца збаўчая задума Нябеснага Айца праз Езуса”, - падкрэсліў настаяцель бэнэдыктынскага абацтва Сан-Мініята-Аль-Монтэ ў Фларэнцыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 сакавіка 2019, 13:13