Пошук

Папа падчас выступлення перад кіраўніцтвам Рымскай курыі Папа падчас выступлення перад кіраўніцтвам Рымскай курыі 

Апошні этап рэформы Рымскай курыі – ужо ў гэтым годзе

Апошні этап абвешчанай Францішкам і падрыхтаванай Радай кардыналаў рэформы Рымскай курыі будзе рэалізаваны ўжо ў гэтым годзе, - запэўніў непасрэдны ўдзельнік працэсу.

Біскуп Марчэла Сэмерара даў шырокае інтэрв’ю іспанскаму парталу Religión Digital, у якім прызнаўся, што папярэдні праект новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі амаль гатовы, наступіла заключная фаза: перш чым перадаць тэкст Пантыфіку, кардыналы хочуць правесці яшчэ адну кансультацыю. Таксама Рада чакае адказаў ад епіскапатаў, ведамстваў Святога Пасаду і экспертаў з іх рэкамендацыямі.

Іерарх адзначыў, што матывам рэформы з’яўляецца сінадальнасць, як спосаб мыслення, стыль і метады работы. Ён нагадаў, што гэты тэрмін быў упершыню выкарыстаны Францішкам 17 кастрычніка 2015 г. Сакратар Рады звярнуў увагу, што назва новай Канстытуцыі Predicate Evangelium спасылаецца на папскую энцыкліку Evangelii Gaudium і сугучная з пытаннем евангелізацыі, якое Папа лічыць асноўнай задачай Касцёла.

Біскуп Марчэла Сэмерара з папам Францішкам
Біскуп Марчэла Сэмерара з папам Францішкам

Апостальская канстытуцыя зацвердзіць спалучэнне цэлага шэрагу існуючых кангрэгацый і папскіх рад у новыя структуры. Біскуп сказаў, што яшчэ не вядома, ці будуць яны называцца дыкастэрыямі, таксама няма інфармацыі, колькі ў канчатковым выніку будзе структур у Рымскай курыі. Ён запэўніў, што, безумоўна, застаецца Папская камісія па справах Лацінскай Амерыкі.

Біскуп Сэмерара паведаміў, што будзе захаваны дыпламатычны корпус Святога Пасаду. На пытанне аб тым, ці ў будучыні папскімі дыпламатамі змогуць быць свецкія, ён адказаў, што самі дзяржавы хочуць, каб гэта было духавенства.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 мая 2019, 15:41