У Ватыкане праходзіць падрыхтоўка да Панамазонскага Сінода
Мэтай майскай сустрэчы з’яўляецца распрацоўка Instrumentum Laboris, які змяшчае асноўныя кіруючыя прынцыпы Асамблеі. Дакумент будзе накіраваны усім біскупам паўднёваамерыканскага рэгіёну для аналізу і карэкціроўкі.
У амазонскім рэгіёне размешчаны дзевяць краін: Балівія, Бразілія, Калумбія, Эквадор, Перу, Венесуэла, Сурынам, Гаяна і Французская Гвіяна. На іх тэрыторыі пражывае каля 34 мільёнаў чалавек.
Па словах папы Францішка, галоўная мэта Сінода – пошук новых шляхоў евангелізацыі гэтай часткі Божага народа, у прыватнасці, карэнных народаў, часта забытых і пазбаўленых перспектыў на будучыню.
Тэма маючай адбыцца Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне – “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі”. У ёй прымуць удзел каля ста мясцовых біскупаў, а таксама каталіцкія іерархі з розных рэгіёнаў свету, якія прадстаўляюць увесь каталіцкі епіскапат. Падрыхтоўка да Асамблеі пачалася два гады таму, пасля таго як у лістападзе 2017 г. Францішак абвясціў аб яе скліканні. Падчас падрыхтоўчага перыяду праходзілі кансультацыі з мясцовымі дыяцэзіямі і прадстаўнікамі карэнных народаў.