Сінод па Амазоніі не накіраваны на адмену цэлібату
“Тое, што з’яўляецца дактрынай, застаецца нязменным”, - выразна заявіў 78-гадовы іерарх. У інтэрв’ю парталу Vatican Insider ён спаслаўся на два пункты Працоўнага дакумента кастрычніцкага сходу. Пункт 129 прапануе разглядзець увядзенне новых касцёльных функцый, у тым ліку для жанчын, а таксама ўдзяленне святарскага пасвячэння старэйшым мужчынам, якія маюць аўтарытэт у абшчынах карэнных народаў. У сваю чаргу, пункт 127 прапануе разглядзець пытанне аб тым, ці рэалізацыя касцёльнай юрысдыкцыі (улады) ва ўсіх абласцях (сакрамэнтальнай, судовай, адміністрацыйнай) павінна быць звязана з атрыманнем сакрамэнту пасвячэння.
Кардынал патлумачыў, што праблема юрысдыкцыі з’яўляецца дактрынальнай, а не толькі дысцыплінарнай, бо ў сакрамэнце пасвячэння заключаны тры неаддзельныя задачы: асвячэнне, навучанне і кіраванне. Пантыфік можа забараніць любому выкананне адной з іх, але сакрамэнтальна яны прымаюцца разам. Такім чынам, Instrumentum Laboris прапануе ўвесці паслугі, не звязаныя з сакрамэнтам пасвячэння.
Генеральны сакратар Сінода таксама адзначыў, што гэта не канчатковы дакумент асамблеі, а пералік прапаноў, якія збіраліся сярод вернікаў на працягу амаль двух гадоў. Удзельнікі дадуць адказ на гэтыя прапановы, супаставіўшы іх з вучэннем Касцёла.
Італьянскі кардынал прызнаў, што, хоць сінадальная асамблея тычыцца канкрэтнага рэгіёну, яе наступствы адчуе ўвесь Касцёл. Аднак трэба разумець, што Касцёл – гэта не “маналітная сфера”, але, як кажа Папа, шматграннік, і плюралізм у ім “павінен прывесці да адзінства ў разнастайнасці”. У той жа час, “усё, што не датычыцца дактрыны як такой і канкрэтнага евангельскага паслання”, можа “адаптавацца да часу, месца, абставін”.
Спасылаючыся на прапанову пашырэння функцый жанчын у Касцёле, кардынал Балдзісэры адзначыў, што яны ўжо адыгрываюць фундаментальную ролю ў жыцці Амазоніі, напрыклад, у сферы катэхізацыі, і Працоўны дакумент прапануе прааналізаваць магчымасць удзялення ім афіцыйнай паслугі.
“Ужо існуюць акалітат і лектарат, якія не з’яўляюцца часткай сакрамэнту пасвячэння, што пачынаецца з дыяканату. Існуюць паслугі, не звязаныя з сакрамэнтам. Мы ўбачым, што нам прапануюць. Існуе таксама размова пра “вынаходніцтва” паслуг. Чаму б і не?”, - паставіў рытарычна пытанне Генеральны сакратар Сінода Біскупаў.
Кардынал Балдзісэры спаслаўся на сітуацыю ў касцёльнай музыцы, дзе калісьці існаваў выключна грыгарыянскі харал, а пазней былі напісаны гімны, і, нарэшце, прыйшлі народныя літургічныя песні.
Спецыяльная Асамблея Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне пройдзе ў Ватыкане з 6 па 27 кастрычніка 2019 г. Яе тэма: “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі”.