Пошук

Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Дзяржсакратар у 25-годдзе адносін паміж Святым Пасадам і Ізраілем

Працягваць прыкладаць намаганні, накіраваныя на ўмацаванне сяброўства паміж Апостальскай Сталіцай і Дзяржавай Ізраіль, заклікаў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы прыняў удзел у канцэрце сакральнай музыкі, які прайшоў 13 чэрвеня 2019 г. у Вялікай сінагозе ў Рыме з нагоды 25-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Ізраілем.

Ён заўважыў, што за апошнія пяцьдзясят гадоў значна паглыбіліся ўзаемнае разуменне, давер і сяброўства паміж яўрэямі і католікамі. Важным крокам на гэтым шляху супрацоўніцтва стала заключэнне Базавай дамовы паміж Святым Пасадам і Дзяржавай Ізраіль, якая была падпісана 30 снежня 1993 г. і ўвайшла ў сілу 10 сакавіка 1994 г.

Высокі ватыканскі іерарх нагадаў пра доўгую і далікатную працу Пастаяннай двухбаковай рабочай камісіі паміж Апостальскай Сталіцай і Дзяржавай Ізраіль і выказаў пажаданне, каб як мага хутчэй былі заключаны дамовы ў розных сферах, якія тычацца дзейнасці Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі блізкаўсходняй краіны.

“Падчас гэтага юбілею, я хацеў бы выказаць словы ўдзячнасці за абавязацельства, якія Дзяржава Ізраіль прыняла, каб гарантаваць Каталіцкаму Касцёлу свабоду выканання яго місіі і працы на карысць ізраільскага грамадства. Сярод розных напрамкаў дзейнасці Касцёла, варта ўзгадаць пра каталіцкія школы, якія, праз навучанне фундаментальным каштоўнасцям, дыялогу і ўзаемнай павазе, спрыяюць будаванню больш справядлівага і мірнага грамадства”, - сказаў ён.

Кардынал Паралін пажадаў, каб Ізраіль надалей сведчыў аб сваёй адданасці дэмакратыі, “гарантуючы ўсім роўныя правы і магчымасці для будавання будучыні міру і згоды”.

Іерарх зазначыў, што на працягу апошніх 25 гадоў адбыліся важныя візіты Пантыфікаў у Ізраіль і прадстаўнікоў ізраільскіх уладаў у Ватыкан, а таксама шматлікія ініцыятывы на карысць міжрэлігійнага дыялогу. У прыватнасці ён прыгадаў пра малітву за мір, якая 8 чэрвеня 2014 г. прайшла ў Ватыкане пры ўдзеле Прэзідэнта Ізраіля Шымона Пэрэса і Прэзідэнта Палестыны Мухмуда Абаса. Кардынал падкрэсліў, што пытанне міру і будучыні блізкаўсходняга рэгіёну з’яўляецца важным для Папы і Апостальскай Сталіцы.

Дзяржсакратар Яго Святасці заклікаў да аб’яднання намаганняў дзеля абароны свабоды веравызнання, культу і сумлення, а таксама да сумеснай барацьбы з антысемітызмам і рэлігійнай нецярпімасцю. “Касцёл асуджае нянавісць, пераслед і ўсе праявы антысемітызму, скіраваныя супраць яўрэяў”, - падкрэсліў ён.

На заканчэнне прамовы бліжэйшы супрацоўнік Папы пажадаў, каб 25-годдзе дыпламатычных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Дзяржавай Ізраіль стала імпульсам для новых канкрэтных намаганняў, накіраваных на будаванне ўзаемнага сяброўства паміж бакамі.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 чэрвеня 2019, 12:39