Ватыканскі банк падзяліўся вынікамі працы за 2018 год
За ўзгаданы перыяд Інстытут абслужыў каля 15 тыс. кліентаў з актывамі 5 мільярдаў еўра (у 2017 г. – 5,3 мільярдаў еўра). Чысты прыбытак Банка склаў 17,5 мільёнаў еўра (у 2017 г. – 31,9 мільёнаў еўра).
Былі скарочаны выдаткі ватыканскай фінансавай установы, з 18,7 мільёнаў еўра ў 2017 г. да 16 мільёнаў еўра ў 2018 г. На 31 снежня 2018 г. уласны капітал Інстытута складаў 637 мільёнаў еўра. Гэта на 10 мільёнаў больш, чым годам раней. Дадзены паказчык, на думку кіраўніцтва фінансавай установы, падкрэслівае яе высокую крэдытаздольнасць і нізкі профіль рызыкі.
У справаздачы падкрэсліваецца, што Інстытут рэлігійных спраў кіраваўся ў сваёй фінансавай дзейнасці каталіцкай этыкай, інвестуючы ў праекты, якія адпавядаюць сацыяльнаму вучэнню Касцёла. Акрамя таго, рабіліся інвестыцыі ў развіццё бедных краін, з павагай да клопату аб устойлівай будучыні наступных пакаленняў. Аказвалася падтрымка разнастайнай дабрачыннай і сацыяльнай дзейнасці, як праз непасрэдныя фінансавыя ахвяраванні, так і праз перадачу для сацыяльнай дзейнасці маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці структуры.