Бэнэдыкт XVI наведаў Кастэль-Гандольфа
Пілігрымка адбылася вечарам 25 ліпеня 2019 г. Папа на пенсіі адправіўся ў яе аўтамабілем, у суправаджэнні свайго асабістага сакратара, арцыбіскупа Георга Генсвайна, і двух супрацоўнікаў Ватыканскай жандармерыі. Ён упершыню пакінуў тэрыторыю Ватыкана, з таго часу як пасяліўся ў кляштары “Mater Ecclesiae”, 14 ліпеня 2013 г.
Першым пунктам візіту сталі Папскія вілы ў Кастэль-Гандольфа, дзе Бэнэдыкт XVI правёў паўтары гадзіны. Ён прывітаў персанал рэзідэнцыі, а затым памаліўся Ружанец, прагульваючыся па сцяжынках тутэйшых садоў, як часта рабіў падчас сваіх летніх адпачынкаў у гэтым месцы.
Затым Святы Айцец адправіўся ў марыйны санктуарый у мястэчку Рока-дзі-Папа, дзе прывітаўся з мясцовым пробашчам і памаліўся перад цудатворным абразом Маці Божай, што захоўваецца ў капліцы XV стагоддзя і вельмі шануецца вернікамі рэгіёну.
Апошнім этапам пілігрымкі стала мястэчка Фраскаці. Бэнэдыкт XVI завітаў да пастыра мясцовай дыяцэзіі, біскупа Рафаэла Марцінэлі, якога прызначыў сюды ў 2009 г. Пасля лёгкай вячэры, на якую быў запрошаны іерархам, ён вярнуўся ў Ватыкан.
Бэнэдыкт XVI любіў праводзіў час летняга адпачынку ў Кастэль-Гандольфа. Вітаючы мясцовых жыхароў у ліпені 2011 г., ён сказаў: “Я знаходжу тут усё: горы, возера, адсюль я бачу нават мора, прыгожы касцёл з адноўленым фасадам, і добрых людзей. Таму я шчаслівы быць тут. Будзем спадзявацца, што Пан дасць нам добры адпачынак. Ад усяго сэрца ўдзяляю ўсім вам маё благаслаўленне”. Гэтыя словы напісаны на таблічцы, змешчанай на цэтральнай плошчы гэтага невялікага італьянскага гарадка.