Дадзены старт падрыхтоўцы да Сусветнай сустрэчы сем’яў
Першым крокам у арганізацыі буйной падзеі стала падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця і Рымскай дыяцэзіяй, на тэрыторыі якой будуць праходзіць асноўныя мерапрыемствы.
Свае подпісы пад дакументам паставіў прэфект ватыканскай Дыкастэрыі, кардынал Кэвін Джозэф Фарэл, і Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла Дэ Данаціс.
Адно з складаных заданняў, якое стаіць перад арганізатарамі – размяшчэнне тысяч сем’яў, якія прыбудуць на форум. Вырашыць яго дапаможа Рымская дыяцэзія, якая бярэ на сябе таксама цяжар лагістычных і камунікацыйных пытанняў, забеспячэнне прыёму гасцей і душпастырскага клопату, дапамогу ў падрыхтоўцы праграмы і зместу мерапрыемстваў.
У рамках Сусветнай сустрэчы сем’яў, акрамя асноўных падзей і цэлебрацый з удзелам Святога Айца, адбудзецца традыцыйны Тэалагічна-душпастырскі кангрэс і Фестываль сем’яў.
Тэма форума: “Любоў у сям’і: пакліканне і шлях да святасці” была агучана ў Ватыкане 17 мая 2019 г. Яна ўтрымлівае спасылку адразу на дзве Апостальскія адгартацыі Францішка: “Amoris laetitia”, прысвечаную любові ў сям’і, і “Christus Vivit”, аб святасці ў сучасным свеце. У 2021 г. будзе адзначацца адпаведна пятая і трэцяя гадавіна гэтых дакументаў.
Рымская Сусветная сустрэча сем’яў стане ўжо дзясятай па ліку і пройдзе праз амаль 30 гадоў пасля першага форуму, скліканага св. Янам Паўлам II. Ён праходзіў у кастрычніку 1994 г. у Рыме на тэму “Сям’я – сэрца цывілізацыі любові”. Праз тры гады – у кастрычніку 1997 г. – Сустрэча пад дэвізам “Сям’я – дар і адказнасць, надзея чалавецтва” адбылася ў бразільскім Рыа-дэ-Жанейра, а яшчэ праз тры гады ў Рыме – на тэму “Дзеці – вясна сям’і і грамадства”. Апошні сямейны форум падчас пантыфікату Яна Паўла II прайшоў у 2003 г. у філіпінскай Маніле. Ён быў прысвечаны хрысціянскай сям’і, як Добрай навіне для трэцяга тысячагоддзя.
Сусветная сустрэча 2006 г. адбылася ў іспанскай Валенсіі ўжо падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI. На форуме, які прайшоў у студзені 2009 г. у Мехіка, Бэнэдыкт XVI звяртаў увагу на сям’ю, як на месца фарміравання чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцей. На Сустрэчы ў Мілане летам 2012 г. на тэму “Сям'я, праца і свята” Папа, між іншым, закрануў праблемы сем’яў, якія пакутуюць ад разводаў.
Першы глабальны сямейны сход падчас пантыфікату Францішка прайшоў у 2015 г. у Філадэльфіі. Тады Пантыфік заклікаў сям’і працягваць быць прароцтвам міру, пяшчоты і любові для зраненага чалавецтва. Сустрэча сем’яў у Дубліне ў 2018 г., па словах Пантыфіка, стала сапраўдным прароцкім досведам.