Новы кіраўнік Залы Друку пра выклікі сучаснай камунікацыі
У каментары для Vatican News Матэа Бруні падкрэсліў, што лічыць вялікім гонарам прызначэнне на пасаду кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду. Намінацыю ён назваў знакам пашаны не толькі да сябе, але таксама да працы, якая на працягу многіх гадоў рабілася разам з калегамі па ватыканскай камунікацыйнай структуры.
“Відавочна, што гэта рашэнне дае высокую адзнаку ўнутраным рэсурсам. Зала Друку – невялікая структура, але складаная, з разнастайнасцю дакладных функцый, якія не адразу заўважныя, нават для тых, хто яе рэгулярна наведвае. Думаю, што веданне яе знутры можа быць карысным для ажыццяўлення больш глыбокай рэформы самой Дыкастэрыі”, - сказаў новапрызначаны кіраўнік.
Гаворачы пра выклікі ў сучаснай камунікацыі Бруні звярнуў увагу на важнасць зразумелай і празрыстай інфармацыі, якая б дапамагала лепш разумець свет, у якім мы жывём, а таксама кантэкст у якім адбываюцца падзеі.
Паводле яго, жэсты, словы і рашэнні – гэта тое, што характарызуе пантыфікат Францішка, але толькі з цягам часу будзе магчыма па-сапраўднаму ацаніць іх важнасць. “Я маю жаданне спрыяць таму, каб Зала Друку заставалася важным арыенцірам для журналістаў, якія распавядаюць свету пра Папу і Святы Пасад”, - дадаў ён.
43-гадовы Матэа Бруні быў прызначаны на пасаду кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы 18 ліпеня 2019 г. Ён працуе ў сферы ватыканскай камунікацыі з 2009 г. Быў адказным за акрэдытацыю журналістаў, аператыўнае інфармаванне СМІ, суправаджэнне журналістаў падчас Апостальскіх падарожжаў Святога Айца.