Пошук

Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI 

Святарства – тэма сёлетняй сустрэчы “Кола вучняў Ратцынгера”

“Святарства ў тэалогіі Ёзэфа Ратцынгера ў святле актуальнай сітуацыі” – тэма сёлетняй сустрэчы “Ratzinger Schuelerkreis” – “Кола вучняў Ратцынгера”. Яе выбраў сам Бэнэдыкт XVI.

Сустрэча пройдзе 27-28 верасня 2019 г. у “Бібліятэцы імя Ёзэфа Ратцынгера” у Тэўтонскім калегіуме, размешчаным паміж базылікай св. Пятра і Залам Паўла VI у Ватыкане. Тэолагі будуць абмяркоўваць прыроду святарства вернікаў і службовага святарства, значэнне святарства для Касцёла, цэлібат дзеля Божага Валадарства, умовы для пасвячэння.

Новаўвядзеннем сёлетняга форума стане публічная дыскусія. Яна будзе прысвечана актуальным выклікам для святарства і пачнецца з уступнага слова кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

У пасяджэнні прымуць удзел таксама кардынал Герхард Людвіг Мюлер, былы прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, арцыбіскуп Бартэлемы Адакану, былы сакратар Папскай рады па культуры, Марыяна Шлосэр, лаўрэат мінулагодняй “Прэміі Ратцынгера” і іншыя тэолагі.

Члены “Кола вучняў Ратцынгера” сустракаюцца рэгулярна з 1977 года. У яго ўваходзяць асобы, якія пад кіраўніцтвам Папы на пенсіі пісалі доктарскія дысертацыі ці былі яго памочнікамі. На працягу апошніх гадоў Бэнэдыкт XVI не прымае ўдзел у пасяджэннях, але заўсёды імкнецца знайсці час, каб памаліцца разам з былымі студэнтамі або пазнаёміцца з вынікамі іх дыскусій.

У 2018 г. упершыню ў сустрэчы бралі ўдзел члены “Новага кола вучняў” – маладыя даследчыкі навуковай спадчыны Бэнэдыкта XVI, якія не былі яго непасрэднымі студэнтамі.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 ліпеня 2019, 10:57