Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад заключыў пагадненне з Буркіна-Фасо

12 ліпеня 2019 г. у Ватыкане прайшло падпісанне Дамовы паміж Апостальскай Сталіцай і Буркіна-Фасо аб юрыдычным статусе Каталіцкага Касцёла ў гэтай афрыканскай краіне.

З боку Святога Пасаду подпіс пад пагадненнем паставіў Сакратар па адносінах з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, з боку Буркіна-Фасо – Міністр замежных спраў і супрацоўніцтва, Альфа Бэры. На цырымоніі прысутнічалі адпаведныя дэлегацыі, у склад якіх уваходзілі прадстаўнік Касцёла ў Буркіна-Фасо і дзяржаўных уладаў.

Дамова складаецца з прэамбулы, дзевятнаццаці артыкулаў і дадатковага пратаколу. Яна гарантуе Касцёлу магчымасць выканання ўласнай місіі ў Буркіна-Фасо. У прыватнасці прызнаецца юрыдычны публічны статус Касцёла і яго структур.

“Бакі, захоўваючы незалежнасць і аўтаномію, якія ім належаць, абавязваюцца супрацоўнічаць на карысць маральнага, духоўнага і матэрыяльнага дабрабыту людзей і спрыяння агульнаму дабру. Пагадненне ўвойдзе ў сілу пасля абмену ратыфікацыйнымі граматам”, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Гісторыя Каталіцкага Касцёла ў Буркіна-Фасо пачынаецца з 1900 г., калі ў гэтай заходнеафрыканскай краіне ўзніклі дзве місіі, у гарадах Купэла і Канандэ. У 1921 г. на тэрыторыі краіны быў заснаваны Апостальскі вікарыят Уагадугу, які ў 1955 г. быў узняты да рангу архідыяцэзіі. Буркіна Фасо двойчы наведваў св. Ян Павел ІІ – у 1980 г. і 1990 г.

Апостальская Сталіцае мае дыпламатычныя адносіны на розных узроўнях з 183 краінамі свету. Да гэтай лічбы трэба дадаць Еўрапейскі Саюз і Суверэнны Мальтыйскі Ордэн. Апошняй дзяржавай, з якой яны былі ўстаноўлены, з’яўляецца М’янма. Гэта адбылося 4 мая 2017 г. Сваіх пастаянных дыпламатаў пры Святым Пасадзе маюць 89 краін, у тым ліку Еўрасаюз і Мальтыйскі Ордэн. Астатнія прадстаўляюць паслы, якія пастаянна пражываюць у іншай дзяржаве.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 ліпеня 2019, 13:12