У Ватыкане пачаўся візіт украінскіх грэка-каталіцкіх іерархаў
Вярхоўны Архіепіскап, члены Пастаяннага Сінода і Мітрапаліты Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы прыбылі па запрашэнні Святога Айца. Саміт будзе праходзіць 5-6 ліпеня 2019 г.
Далікатная і складаная сітуацыя ва Украіне
На пачатку мая Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведамляла, што рашэнне аб скліканні сустрэчы Францішак прыняў у сувязі з “далікатнай і складанай сітуацыяй, у якой знаходзіцца Украіна”. Такім чынам ён “пажадаў прадэманстраваць сваю блізкасць да Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, якая выконвае душпастырскае служэнне як на радзіме, так і ў многіх частках свету”.
Адзначалася, што “сустрэча стане чарговай магчымасцю глыбейшага знаёмства з жыццём і патрэбамі Украіны і вызначэння Грэка-Каталіцкай Царквой шляхоў больш плённага прапаведавання Евангелля, падтрымкі тых, хто пакутуе, садзейнічання міру, згодзе, супрацоўніцтва з Касцёлам лацінскага абраду і іншымі хрысціянскімі Цэрквамі і супольнасцямі”.
Гуманітарныя ініцыятывы
На працягу амаль пяці гадоў трывання ўзброенага канфлікту на тэрыторыі Украіны Францішак заўсёды меў увагу да пакут насельніцтва гэтай краіны. У 2016 г. ён даў пачатак гуманітарнай ініцыятыве, пакліканай дапамагчы людзям, што пацярпелі ў выніку супрацьстаяння. Далучыцца да акцыі ён заклікаў каталіцкія супольнасці ўсёй Еўропы.
Малітва аб міры ва Украіне
Папа неаднойчы скіроўваў заклікі аб прымірэнні ва Украіне. У сёлетнім велікодным пасланні ён сказаў: “Няхай у гэту Пасху знойдзе суцяшэнне насельніцтва ўсходніх рэгіёнаў Украіны, якое надалей пакутае па прычыне канфлікту, што працягвае трываць. Няхай Пан натхніць да гуманітарных ініцыятыў і ініцыятыў, скіраваных на дасягненне трывалага міру”.
Увага да грамадскіх і рэлігійных праблем Украіны
21 студзеня 2019 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі Апостальскага нунцыя ва Украіне, арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці, з якім абмеркаваў далікатны стан міжправаслаўных адносін ва Украіне, уклад каталіцкіх супольнасцей у жыццё краіны, яе грамадска-палітычную атмасферу. Адзначалася неабходнасць выкарыстання усіх магчымасцей, каб праз дыялог “спрыяць памнажэнню высілкаў на карысць міру”, а таксама дбаць пра “паляпшэнне жыццёвых умоваў” грамадзян і “паўнавартаснае карыстанне рэлігійнай свабодай”.
Заклік да павагі да міжнароднага права
Звяртаючыся да дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пра Апостальскай Сталіцы, падчас традыцыйнай сустрэчы з нагоды Божага Нараджэння і Новага года, Папа распавядаў пра гуманітарную дзейнасць Святога Пасаду на карысць украінскага насельніцтва.
“Касцёл і яго розныя структуры будуць працягваць ажыццяўляць гэту сваю місію, каб звярнуць увагу і на іншыя гуманітарныя пытанні, сярод якіх таксама тыя, што тычацца лёсу палонных, колькасць якіх застаецца вялікай. Праз сваю дзейнасць і блізкасць да насельніцтва Касцёл прагне, прама і ўскосна, заахвочваць да мірных шляхоў пераадолення канфлікту, шляхоў, якія будуць шанаваць справялідвасць і законнасць, у тым ліку міжнародную, што з’яўляецца асновай бяспекі і мірнага суіснавання ўсяго рэгіёну. Для дасягнення гэтага важнымі з’яўляюцца інструменты, якія гарантуюць свабоднае карыстанне рэлігійнымі правамі”, - казаў Пантыфік.
Братэрства і сяброўства для аднаўлення міру
У пасланні перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi”, з якім звярнуўся 25 снежня 2018 г., Францішак адзначаў важнасць аднаўлення братэрства і сяброўства ва ўкраінскім грамадстве.
“Толькі ў міры, які паважае правы кожнай нацыі, краіна можа аднавіцца пасля перанесеных пакут і вярнуць умовы годнага жыцця для сваіх грамадзян. Я блізкі да хрысціянскіх супольнасцей гэтага рэгіёну і малюся, каб у ім склаліся адносіны братэрства і сяброўства”, - казаў ён.
Візіт ватыканскіх іерархаў ва Украіну
У лістападзе 2018 г. з гуманітарнай місіяй Украіну наведаў кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, якога суправаджаў падсакратар гэтай ватыканскай структуры, мансеньёр Сэгунда Тэхада Муньяс.
Сустрэча з украінскай грэка-каталіцкай супольнасцю ў Рыме
28 студзеня 2018 г. Францішак наведаў базыліку св. Сафіі ў Рыме, дзе сустрэўся з мясцовай украінскай грэка-каталіцкай супольнасцю. У прамове ён сказаў: “Я знаходжуся тут, каб сказаць, што я блізкі да вас: блізкі ў сэрцы, блізкі ў малітве, блізкі, калі цэлебрую Эўхарыстыю. Я прашу Валадара супакою, каб змоўкла зброя. Прашу Яго таксама, каб вам не трэба было ісці на вялізарныя ахвяры дзеля утрымання вашых блізкіх”.