Пошук

Урачы клініні "Bambino Gesù" дапамагаюць сваім сірыйскім калегам. Ілюстрацыйнае фота Урачы клініні "Bambino Gesù" дапамагаюць сваім сірыйскім калегам. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі дзіцячы шпіталь прадставіў справаздачу за 2018 г.

Ватыканскі дзіцячы шпіталь “Bambino Gesù” зрабіў справаздачу аб дзейнасці за 2018 г. Прэзентацыя прайшла ў прысутнасці кардынала Пьетра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці Папы.

Каля 2 мільёнаў амбулаторных паслуг, 29 тыс. шпіталізацый, 85 тыс. зарэгістраваных зваротаў у пункты хуткай дапамогі, 106 выпадкаў неадкладнага транспартавання хворых з дапамогай верталёту, для чаго выкарыстоўвалася верталётная пляцоўка на тэрыторыі Ватыканскіх садоў – толькі некаторыя лічбы, якія ствараюць агульную карціну дзейнасці клінікі.

У 2018 г. бальніца забяспечыла пражыванне 4500 сем’ям шпіталізаваных пацыентаў, 2100 сем’яў атрымалі сацыяльную дапамогу. Спецыяльныя мабільныя групы ўрачоў, аказвалі педыятрычныя паслугі для сацыяльна ўразлівых пацыентаў на ўскраінах Рыму і ў цыганскіх паселішчах.

Важным аспектам працы бальніцы з’яўляецца гуманітарная дзейнасць і міжнароднае супрацоўніцтва, якое рэгулярна ажыццяўляецца з 10 краінамі свету. За мінулы год папская клініка прыняла 62 “гуманітарных” пацыента з 28 краін свету. 15% ад усіх шпіталізаваных прыбылі з-за межаў Італіі.

“Bambino Gesu” з’яўляецца адзінай установай у Еўропе, гатовай аказваць любыя паслугі ў галіне педыятрычнай транспланталогіі. На працягу 2018 г. тут было праведзена 324 перасадкі органаў, клетак і тканак. Былі зроблены важныя дасягненні ў геннай тэрапіі, якая заключаецца ў “перапраграмаванні” клетак для барацьбы з ракам.

Патраціўшы 342 мільёны еўра з сабраных 359 мільёнаў, год для ватыканскага шпіталя завяршыўся з пазітыўным эканамічным балансам. З нагоды 150-годдзя ўстановы, 20 лістапада 2019 г. у ватыканскай Зале Паўла VI адбудзецца дабрачынны вечар, мэтай якога будзе збор ахвяраванняў на стварэнне новага Інстытуту раку і транспланталогіі.

З прадстаўленай справаздачы вынікае, што ў структурах клінікі больш за 800 чалавек заняты навуковай і даследчыцкай дзейнасцю, палова з якіх спалучае навуковую працу з лячэннем пацыентаў. Навуковае супрацоўніцтва ажыццяўляецца з амаль 1800 структурамі ў 73-х краінах свету.

Ватыканскі шпіталь прымае актыўны ўдзел у вывучэнні і папулярызацыі ведаў пра так званыя рэдкія захворванні. Пад наглядам структуры знаходзіцца каля 13 тыс. іх носьбітаў. Дзякуючы высакаякаснаму абсталяванню і набытым кампетэнцыям, на працягу 2018 г. спецыялісты “Bambino Gesu” выявілі 21 новую рэдкую хваробу, якія дагэтуль не падлягалі дыягнаставанню.

У структурах шпіталя працуе каля 3500 чалавек. Палова кіраўнічага складу – жанчыны. Ажыццяўляецца фармацыйная дзейнасць для медперсаналу, а таксама вядзецца супрацоўніцтва з валанцёрамі: пры ватыканскай клініцы акрэдытаваны 42 валанцёрскія арганізацыі.

Шпіталь “Bambino Gesu” быў заснаваны ў 1869 г. для лячэння бедных дзяцей у Рыме. Гэта была першая дзіцячая клініка ў Італіі. У 1924 г. яна была перададзена пад кіраванне Святога Пасаду і ў цяперашні час знаходзіцца пад асабістым патранатам Папы. Бальніца з’яўляецца вядучай педыятрычнай установай Італіі і адным з лепшых цэнтраў дзіцячай транспланталогіі ў Еўропе.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 ліпеня 2019, 09:55