Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Зала Друку пра даследаванні на Тэўтонскіх могілках у Ватыкане

28 ліпеня 2019 г. завяршыліся даследаванні на Тэўтонскіх могілках у Ватыкане, якія праводзіліся ў рамках расследавання справы аб знікненні ў 1983 г. 15-гадовай Эмануэлы Арландзі.

Група спецыялістаў праводзіла марфалагічны аналіз парэшткаў, знойдзеных у двух асуарыях, якія знаходзіліся ў нішы пад полам на тэрыторыі Тэўтонскага калегіума. Працэдура праходзіла ў прысутнасці экспертаў, прызначаных сям’ёй Арландзі.

Даследаванне паказала, што ніводны з знойдзеных фрагментаў коснага матэрыялу не адносіцца да перыяду, пазнейшага за ХІХ ст., паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Падкрэсліваецца, што Святы Пасад цалкам пацвярджае сваю добрую волю ў пошуку праўды адносна знікнення Эмануэлы Арландзі, але “катэгарычна абвяргае, што яго пазіцыя поўнага супрацоўніцтва і празрыстасці, можа азначаць, як часам сцвярджаюць некаторыя, прызнанне адказнасці, якая вынікае з гэтага”.

Некалькі месяцаў таму сям’я Эмануэлы Арландзі звярнулася да Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы, кардынала Пьетра Параліна, з просьбай праверыць магілу ХІХ ст. на Тэўтонскіх могілках у Ватыкане, над якой знаходзіцца помнік у выглядзе анёла. Перад гэтым яна атрымала ананімнае паведамленне, у якім гаварылася, што Эмануэла Арландзі можа быць пахавана менавіта там. Бліжэйшы супрацоўнік Папы даў дазвол на правядзенне даследавання. Для дакладнасці ён распарадзіўся праверыць таксама яшчэ адну магілу на Тэўтонскіх могілках, якая мела падобны помнік. Пахаванні былі адкрыты 11 ліпеня 2019 г., але аказаліся цалкам пустымі. Гэта было звязана з рэканструкцыяй могілак, якія праходзілі ў 1960-1970-я гг.

Пасля даследавання адпаведнай дакументацыі, 20 ліпеня 2019 г., у нішы пад полам на тэрыторыі Тэўтонскага калегіума былі знойдзены два асуарыя, у якіх захоўвалася вялікая колькасць коснага матэрыялу. Яго аналіз быў праведзены 27-28 ліпеня 2019 г., у прысутнасці экспертаў і адвакатаў, прызначаных сям’ёй Арландзі, але не выявіў ніякай сувязі са зніклай дзяўчынай.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 ліпеня 2019, 10:01