Пошук

Папы і члены Сінода Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Ілюстрацыйнае фота Папы і члены Сінода Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Ілюстрацыйнае фота 

Зала Друку: сустрэча Папы з іерархамі з Украіны – знак блізкасці

Па выніках двухдзённага візіту ў Ватыкан кіраўніцтва Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Зала Друку Апостальскай Сталіцы абнародавала адмысловае паведамленне.

У дакуменце прыгадваецца, што 5-6 ліпеня 2019 г. Святы Айцец Францішак узначаліў сустрэчу з Вярхоўным Архіепіскапам, Мітрапалітамі, членамі Пастаяннага Сіноду Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы і кіраўнікамі кампетэнтных Дыкастэрый Рымскай курыі.

Дзякуючы ініцыятыве “Святы Айцец прагнуў выразіць сваю блізкасць да гэтай Усходняй Каталіцкай Царквы sui iuris”. Разам са сваімі супрацоўнікамі ён “высока ацаніў гісторыю гэтай Царквы, яе духоўную, літургічную, тэалагічную і кананічную традыцыю, яе вернасць адзінству з Наступнікам св. Пятра, пацверджаную і апячатаную крывёй мучанікаў”.

“Аналіз прапанаваных тэм адбыўся ў духу ўзаемнага слухання і суправаджаўся малітвай, шукаючы неабходныя ўмовы для таго, каб забяспечыць развіццё і росквіт гэтай Царквы ў сучасным свеце”, - гаворыцца ў камюніке.

Асаблівая ўвага была прысвечана душпастырскай працы, евангелізацыйнаму служэнню, экуменізму, асабліваму пакліканню Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў кантэксце сучасных грамадска-палітычных выклікаў, асабліва ва ўмовах вайны і гуманітарнага крызісу ва Украіне, а таксама яе служэння ў розных краінах свету.

Было выказана пажаданне, каб такі спосаб камунікацыі меў працяг ў будучыні “з мэтай стварэння неабходных умоў для гарманічнага развіцця Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, а таксама іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў у іх тоеснасці і місіі”.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 ліпеня 2019, 09:33