Пошук

Візіт Папы ў Літву. Ілюстрацыйнае фота Візіт Папы ў Літву. Ілюстрацыйнае фота 

Усходняя палітыка Святога Пасаду да і пасля “жалезнай заслоны”

Як развівалася палітыка Святога Пасаду ў дачыненні да краін Усходняй Еўропы да і пасля часоў “жалезнай заслоны”? Аналіз ватыканскай Ostopolitik зрабіў італьянскі ватыканіст Андрэа Гальярдучы.

Журналіст італьянскага ACI Stampa нагадаў, што ў перыяд з верасня 2018 г. па май 2019 г. Францішак наведаў шэсць краін, якія некалі заставаліся па той бок “жалезнай заслоны”: спачатку Літву, Латвію і Эстонію, а потым Балгарыю, Македонію і Румынію. Кожная з гэтых нацый зведала камуністычны прыгнёт і дзяржаўны атэізм. У кожнай Святы Пасад прадпрымаў ініцыятывы, каб уратаваць і падтрымаць мясцовыя каталіцкія супольнасці.

Пасля Першай сусветнай вайны Бэнэдыкт XV распачынае канкардатную палітыку прызнання новых дзяржаў, піша Гальярдучы. Крах царскай Расійскай імперыі спараджае новыя надзеі на развіццё каталіцызму ў Расіі і далей на Усходзе. Якраз у 1917 г. Бэнэдыкт XV засноўвае Кангрэгацыю па справах Усходніх Цэркваў і Папскі Усходні Інстытут. У 1929 г. у Рыме распачынае працу Папскі калегіум Russicum з мэтай падрыхтоўкі місіянераў для служэння на савецкіх тэрыторыях. Яго заснаванне – гэта сімвал змены перспектывы, якая канчаткова здзейсніцца пасля Другой сусветнай вайны, калі Святы Пасад раптам апынецца без дыпламатычных прадстаўніцтваў і без кантактаў з краінамі, якія падпалі пад уплыў Савецкага Саюза.

Дыпламатычны падыход Святога Пасаду заключаецца ў дыялогу. Яго першапачатковай мэтай застаецца не эканамічны інтарэс і нават не падпісання мірнага пагаднення, але гарантаванне паўнацэннага жыцця каталіцкай супольнасці, заўважае ватыканіст.

Працэс нармалізацыі стасункаў Святога Пасаду з краінамі ўсходняга блока атрымаў назву Ostpolitik (Усходняя палітыка). Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыграў выбітны ватыканскі дыпламат Агасціна Казаролі, кардынал Дзяржсакратар у перыяд пантыфікату Яна Паўла II.

Гарантаваць наяўнасць каталіцкай іерархіі і епіскапату, які мог бы дзейнічаць легітымна, структур Касцёла і мець магчымасць прызначаць новых біскупаў, – такой была галоўная мэта дыпламатычнай дзейнасці Казаролі, падкрэслівае італьянскі журналіст.

Менавіта дзякуючы дасягненням Ostpolitik папа Ян Павел II, пантыфік польскага паходжання, які добра ведаў спецыфіку праблем Усходняй Еўропы, здолеў прычыніцца да абрушэння “жалезнай заслоны”.

Сёння вядуцца гаворкі пра Ostpolitik Касцёла ў дачыненні да Кітая і да Расіі. Аднак цяпер Святы Пасад прытрымліваецца не столькі “ўсходняй палітыкі”, колькі падыходу, які грунтуецца на мультылатэралізме, перакананы Гальярдучы. Такі падыход вызначыў Павел VI, калі ажыццявіў рэформу Дзяржсакратарыяту і выдаў “motu proprio” адносна Апостальскіх нунцыяў – дакумент, які надаў новы характар дзейнасці папскіх легатаў пры дзяржаўных арганізацыях тых ці іншых краін.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 жніўня 2019, 15:05