Пошук

Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Бэнэдыкт XVI і яго Апостальскія візіты ў Афрыку

У дзень, калі распачалася чацвёртая пілігрымка Францішка на афрыканскі кантынент, зазірнём у гісторыю і ўспомнім візіты ў Афрыку яго папярэдніка – Бэнэдыкта XVI.

З дваццаці чатырох Апостальскіх падарожжаў за межы Італіі, якія Папа-эмерыт здзейсніў за амаль восем гадоў свайго пантыфікату, два мелі месцам назначэння афрыканскі кантынент.

Першая пілігрымка паслядоўніка св. Яна Паўла II у Афрыку адбылася ў 2009 г.: на працягу тыдня, з 17 па 23 сакавіка, Бэнэдыкт XVI наведаў Камерун і Анголу. Падарожжа адбывалася напярэдадні Другой Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў па справах Афрыкі, якая прайшла ў кастрычніку 2009 г. у Ватыкане.

Падчас таго гістарычнага візіту Бэнэдыкт XVI на цэнтральным стадыёне Яундэ, сталіцы Камеруна, прадставіў біскупам працоўны дакумент будучага Сінода (Instrumentuum Laboris) і заклікаў іх ніколі не губляць надзеі.

“Сыны і дочкі Афрыкі, – казаў тады Папа, – не бойцеся верыць, спадзявацца і любіць, не бойцеся казаць, што Езус ёсць Дарогай, Праўдай і Жыццём, што толькі Ён можа нас збавіць. Праз вас і ў вас Афрыка паклікана да надзеі! З Езусам Хрыстом, які хадзіў па афрыканскай зямлі, Афрыка можа стаць кантынентам надзеі. Усе мы з’яўляемся часткай народаў, якія Бог даў Абрагаму як патомства. Кожны і кожная з нас быў задуманы, жаданы і палюблены Богам. Кожны і кожная з нас мае сваю ролю ў плане Бога, Айца, Сына і Духа Святога”.

Падчас свайго другога і апошняга падарожжа ў Афрыку – з 18 па 20 лістапада 2011 г. – Бэнэдыкт XVI наведаў Бенін. Там ён прадставіў паслясінадальную Апостальскую адгартацыю “Africae munus”.

“Другая Спецыяльная Асамблея Сінода Біскупаў па справах Афрыкі была сканцэнтравана на тэмах прымірэння, справядлівасці і міру, – тлумачыў Папа, падпісваючы дакумент. – Гаворка ідзе пра важныя аспекты для свету ў цэлым, якія, аднак, набываюць надзвычайную актуальнасць у Афрыцы. Дастаткова ўзгадаць напружанне, жорсткасць, войны, несправядлівасць, любыя формы насілля, старыя і новыя, якія пазначылі гэты год. Галоўная тэма датычыла прымірэння з Богам і бліжнім. Касцёл, які прымірыўся ўнутры самога сябе і паміж сваімі членамі, зможа стаць прароцкім знакам прымірэння на ўзроўні грамадства, кожнай краіны і ўсяго кантынента. Аснова гэтага прымірэння заключана ў самой прыродзе Касцёла, які прабывае ў Хрысце як сакрамэнт, гэта значыць, знак і інструмент інтымнага саюзу з Богам і адзінства ўсяго чалавецтва. На гэта аснове Касцёл у Афрыцы пакліканы пашыраць мір і справядлівасць”.

Знаходзячыся ў Беніне, Папа таксама выказаў сваю павагу кардыналу Бернардэну Гантэну, у мінулым – Дэкану Калегіі кардыналаў і прэфекту Кангрэгацыі па справах біскупаў. Бэнэдыкт XVI і бенінскі пурпурат былі ўзведзеныя ў кардынальскую годнасць падчас аднаго і таго ж кансісторыя – у чэрвені 1977 г. – папам Паўлам VI.

Нагадаем, што сёння распачалося Апостальскае падарожжа Францішка ў тры краіны Афрыкі. Раніцай 4 верасня 2019 г. Святы Айцец вылецеў з Рыма ў сталіцу Мазамбіка, горад Мапуту. Падчас візіту, які будзе працягвацца да 10 верасня 2019 г., ён таксама наведае Мадагаскар і Маўрыкій.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 верасня 2019, 12:00