Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Дзяржсакратар: горы – вобраз жыцця, скіраванага ўвышыню

Горы могуць быць вобразам чалавечага жыцця, скіраванага да вышыні і бясконцасці, - заўважыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Ватыканскі іерарх прыняў удзел у прэзентацыі кнігі італьянскага святара, кс. Леанарда Сапіенцы, рэгента Прэфектуры Папскага дому, “Высокія разважанні” (Riflessioni ad alta quota). Яна прайшла 18 верасня 2019 г. у Папскім латэранскім універсітэце ў Рыме. Выданне, багата ілюстраванае фотаздымкамі італьянскіх Даламітаў, утрымлівае разважанні аб дары стварэння і адказнасці чалавека за навакольнае асяроддзе.

Кардынал Паралін нагадаў, што вялікі аматар горных вандровак, св. Ян Павел ІІ, казаў, што “гледзячы на вяршыні гор, складаецца ўражанне, нібыта зямля скіравалася да нябёсаў, нібыта жадаючы да іх дакрануцца”. Горы могуць сімвалізаваць жыццё чалавека, спрагнёнага трансцэндэнтнасці і бясконцасці, падкрэсліў Дзяржсакратар.

Іерарх нагадаў, што ўзыходжанне на горныя вяршыні звязана з вялікім высілкам і з захапленнем краявідамі, убачыць якія можна толькі пераадолеўшы цяжкасці. Таксама і ў жыцці чалавека, “толькі захоўваючы высокую перспектыву можна спасцігнуць сэнс цяжкасцей, якіх вымагае шлях”, - заўважыў ён.

“Толькі праз ахвярнасць, сілу волі на супольным шляху, узаемную падтрымку і штодзённую цярплівасць можна наблізіцца да Неба, крок за крокам дайсці да таго пункту, дзе можна дакрануцца да бясконцасці, для якой мы былі створаны”, - сказаў Дзяржсакратар.

Паводле бліжэйшага супрацоўніка Папы, толькі адарваўшыся ад “зямнога”, гарызантальнага жыцця, чалавек можа знайсці па-сапраўднаму моцны фундамент для жыцця, больш заснаваны на небе, чым на зямлі, больш укаранёны ў рэчах нябесных, чым у зямных, на празе бясконцасці, а не таго, што прамінае”.

Кардынал Паралін звярнуў увагу на збядненне горных краявідаў, выкліканае прыроднымі катаклізмамі, што нагадвае пра адказнасць чалавека за навакольнае асяроддзе. Прырода, гэта “першая кніга Бога, адкрытая перад нашымі вачыма, каб, захапляючыся ўпарадкаванай і прыгожай разнастайнасцю, мы маглі любіць і праслаўляць яе Створцу”, - падкрэсліў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.
 

19 верасня 2019, 14:35