Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Камунікацыйная стратэгія Святога Пасаду паводле Францішка

Даваць сведчанне, а не займацца рэкламай і празелітызмам; адмовіцца ад мыслення прыметнікамі; мець перад вачыма прыклад мучанікаў, – гэта парады Папы для ватыканскіх журналістаў.

Падчас аўдыенцыі для кіраўніцтва і супрацоўнікаў Дыкастэрыі па камунікацыі Святога Пасаду, якая прайшла 23 верасня 2019 г. у Ватыкане, Францішак не стаў даваць парады “тэхнічнага” характару, але звярнуў увагу на самае важнае: камунікацыя Апостальскай Сталіцы, хрысціянская камунікацыя, павінна быць сведчаннем.

“Каб сведчыць, трэба ў першую чаргу жыць, уключыцца, дазволіць, каб нас параніла рэальнасць, якую сустракаем і пра якую распавядаем. Трэба дазволіць, каб нас паранілі драмы, гісторыі людзей, умеючы камунікаваць ім прыгажосць, праўду, надзею”, - заўважыў у сваім каментары галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ Андрэа Тарніелі. Паводле журналіста, гэта канкрэтная рэкамендацыя Францішка перад важнымі касцёльнымі падзеямі, такімі як Сінод Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне.

“Словы Папы з’яўляюцца компасам для арыентавання ў перапоўненым медыйным моры і джунглях сацыяльных сетак, пазначаных штодзённымі прыкладамі антысведчання з боку тых, хто зводзіць веру да палітыкі, прадстаўляе жыццё Касцёла – Цела Хрыста, – як вайну груповак, зводзіць вучэнне да слоганаў ці выкарыстоўвае мову падзелаў, кпінаў з братоў па веры, пастыраў і Наступніка св. Пятра”, - лічыць ватыканскі эксперт.

Францішак заклікаў супрацоўнікаў камунікацыйнай сістэмы Святога Пасаду браць прыклад з мучанікаў, якія аддалі жыццё за Евангелле і насілі ў сабе любоў да ворагаў.

Святы Айцец, падчас сваёй спантаннай прамовы, папрасіў супрацоўнікаў Дыкастэрыі не займацца рэкламай і празелітызмам. Касцёл расце не праз празелітызм, працытаваў ён Бэнэдыкта ХVI, а праз прыцягальнасць. Наша камунікацыя павінна быць у першую чаргу сведчаннем: калі ж мы хочам перадаваць ісціну “без дабра і без прыгажосці”, то лепш наогул гэтага не рабіць, - рэкамендаваў Папа.

“Вось тое, пра што хрысціянін не можа забываць, калі камунікуе, шукаючы сведчання адзінства, а не падзелаў; любові, якая яднае, а не нянавісці, што раздзяляе; прыроды Касцёла, а не звядзення яе да структуры, што кіруецца выключна чалавечай, палітычная логікай падзелаў”, - падкрэсліў Тарніелі.

23 верасня 2019 г. Папа заклікаў “перайсці ад культуры прыметнікаў да культуры назоўнікаў”, гэта значыць перадаваць сутнасць, а не даваць азначэнні. Камунікацыя павінна быць стрыманай у сваёй прыгажосці, яна мае патрэбу не ў “дэкарацыях”, але ў перадачы радасці Евангелля, - сказаў Святы Айцец.

“Гэта погляд, які часта можа здавацца супрацьлеглым медыйнаму мэйнстрыму? Так. Але заданне, якое Наступнік св. Пятра нам давярае, просячы не імкнуцца да поспеху, звязанага з “клікамі” і “лайкамі”, – даваць сведчанне, што праз нашу штодзённую карпатлівую журналісцкую працу будзе будаваць сувязі і адносіны, і асабліва, дазволіць заззяць прыгажосці, праўдзе і надзеі ў тых, хто нас слухае і чытае”, - падсумаваў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ прамову Пантыфіка да супрацоўнікаў медыясістэмы Святога Пасаду.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 верасня 2019, 14:36