Ватыкан: нарада Камітэта па ажыццяўленні Дэкларацыі аб братэрстве
Сустрэча адбылася 11 верасня 2019 г. – у 18-ю гадавіну тэрактаў у Нью-Ёрку. Гэта дата была выбрана “на знак жадання будаваць жыццё і братэрства, у якіх іншыя пасеялі смерць і разбурэнне”, гаворыцца ў камюніке Апостальскай Сталіцы.
Францішак прывітаў членаў Камітэта і ўручыў ім па асобніку спецыяльнага выдання Дэкларацыі аб братэрстве, якое было падрыхтавана Ватыканскай апостальскай бібліятэкай. Папа скіраваў да сваіх гасцей словы падзякі і падтрымкі, назваўшы іх “архітэктарамі братэрства”. Ён заклікаў членаў новастворанай структуры стаяць ля вытокаў новай палітыкі, якую будзе характарызаваць “не толькі працягнутая рука, але таксама адкрытае сэрца”.
Аб узнікненні Вышэйшага камітэта па рэалізацыі мэтаў “Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні” было абвешчана 21 жніўня. Структура паклікана спрыяць дасягненню ідэалаў, акрэсленых у дакуменце, які папа Францішак і Вялікі імам Аль-Азхар, шэйх Ахмед Эль Таеб, падпісалі 4 лютага 2019 г. у Абу-Дабі.
У склад Камітэту ўвайшлі: біскуп Мігель Анхель Аюса Гішот, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу; прафесар Мухамад Хусэйн Махрасаві, рэктар універсітэта Аль-Азхар; мансеньёр Ёаніс Лахзі Гайд, асабісты сакратар папы Францішка; суддзя Мухамад Махмуд Абдэль Салам, саветнік Вялікага імама; Мухамад Каліфа Аль Мубарак, старшыня Дэпартамента па культуры і турызме Абу-Дабі; Султан Фаісал Аль Румаіці, генеральны сакратар Мусульманскай Рады пажылых людзей; пісьменнік Ясер Харэб Аль Мухаіры.