Місіянер пра экалагічную рэчаіснасць у Амазоніі
У такім ключы айцец Дарыё Босі, кіраўнік лацінаамерыканскай экуменічнай сеткі “Касцёл і горназдабыўная дзейнасць”, выступіў на Сінодзе Біскупаў у Ватыкане. Італьянскі місіянер на Асамблеі прадстаўляе айцоў-камбаніянаў, якія працуюць у Бразіліі.
На працягу дзесяцігоддзя айцец Босі збіраў сведчанні і доказы таго, як амазонская зямля раскрадаецца міжнароднымі карпарацыямі, што шукаюць радовішчы каштоўных карысных выкапняў. На Сінодзе ён адзначыў, што грабежніцкая здабыча карысных выкапняў у цяперашні час з’яўляецца самай сур’ёзнай пагрозай для Панамазоніі, таму Касцёл павінен быць на баку людзей, якіх эксплуатуюць, і стаць голасам тых, хто не мае голасу.
“Мы гаворым аб праектах буйных карпарацый, але і мясцовых органаў улады, якія аддаюць раней абароненыя заканадаўствам раёны. Амазонія – гэта практычна апошняя тэрыторыя, з якой яшчэ можна атрымаць шмат багацця нізкімі выдаткамі. У іншых рэгіёнах эксплуатацыйныя выдаткі значна вышэйшыя, а экалагічныя законы больш жорсткія. Такім чынам, сусветныя кампаніі спрабуюць спакусіць органы мясцовага самакіравання змяніць законы і змякчыць эксплуатацыйную палітыку, што дазволіць пашырыць экспансію ў ахоўных зонах”, - распавёў манах.
На думку святара і праваабаронцы, менавіта таму для Сінода так важна зрабіць ясную заяву і вызначыць ролю, якую тут павінен адыгрываць Касцёл. Вядома, у яго няма магчымасці вызначыць эканамічную палітыку, але ёсць паўнамоцтвы, права і абавязак стаяць на баку ахвяр.
Місіянер падкрэсліў, што пасля завяршэння горназдабыўных прац гэтыя раёны ніхто не рэкультывуе, а кампаніі, якія зарабляюць на гэтым, не цікавіць аднаўленне навакольнага асяроддзя. “Людзям, якія жылі на гэтай тэрыторыі стагоддзямі, яны пакідаюць забруджаную глебу і забруджаную ваду. Там, дзе калісьці быў лес, застаецца нежывая пустыня”, - падкрэсліў айцец Босі, выступаючы на Сінодзе Біскупаў па Амазоніі.