На Сінодзе прадстаўлены праект Выніковага дакумента
Тэкст прачытаў у Сінадальнай Зале кардынал Клаўдыё Хумэс, арцыбіскуп-эмерыт Сан-Паўлу і старшыня Панамазонскай касцёльнай сеткі, Генеральны Рэлятар Сінода. Дакумент грунтуецца на выступленнях удзельнікаў Асамблеі. Цяпер ён будзе абмяркоўвацца ў рабочых групах.
Папраўкі і дапаўненні, зробленыя ўдзельнікамі рабочых груп, будуць уключаны ў Выніковы дакумент. Затым тэкст зноў перагледзіць Камісія па рэдагаванні Выніковага дакумента. Яго канчатковы варыянт прачытаюць у Сінадальнай Зале падчас 15-й Генеральнай кангрэгацыі, якая пройдзе 25 кастрычніка. На наступны дзень, 26 кастрычніка адбудзецца галасаванне па кожным з пунктаў дакумента.
Падчас малітвы, якой распачалася 14-я Генеральная кангрэгацыя Сінода, да ўдзельнікаў Асамблеі звярнуўся з гаміліяй перуанскі арцыбіскуп Міхель Кабрэёс Відартэ, пастыр дыяцэзіі Трухільё і старшыня Лацінаамерыканскай Біскупскай Рады (CELAM). Іерарх заклікаў наследаваць прыклад св. Францішка Асізскага, для якога прыгажосць стварэння была не пытаннем эстэтыкі, але, у першую чаргу, любові і братэрства. Завяршылася пасяджэнне дакладам нямецкага навукоўца, Ханса Ёахіма Шэльнхубера, прысвечаным сітуацыі з зменай клімату на планеце.