Прапанова абмежаваць колькасць наведвальнікаў Сікстынскай капэлы
Трэба скараціць прыток турыстаў, як гэта было зроблена ў Луўры, уводзячы абавязковае набыццё білетаў у інтэрнэце, - перакананы іерарх. Прапанаванае ім рашэнне прадугледжвае таксама закрыццё капліцы для цэлебрацыі св. Імшаў, а таксама спагнанне дадатковай платы за ўваход у яе – выручка будзе накіравана на ўтрыманне і захаванне помніка архітэктуры. У той жа час кардынал Равазі адзначыў, што нельга пазбавіць людзей магчымасці захапляцца шэдэўрам.
Іерарх таксама нагадаў, што тры чвэрці твораў, якія зараз захоўваюцца ў касцёльных музеях, раней знаходзіліся ў храмах. Змяшчэнне іх побач адно з адным у яркім асвятленні прыводзіць да “страты сэнсу” твора, які ў паўзмроку касцёла запрашаў да малітвы. Перамяшчэнне ў музеі азначае, што “яны губляюць голас, губляюць пасланне, губляюць сілу”.
Падчас знаходжання ў Памплоне з нагоды закрыцця міжнароднага тэалагічнага сімпозіума “Біблія – родная мова сённяшняга свету”, ватыканскі кардынал таксама спаслаўся на грамадскую ролю катэдральных касцёлаў, якія ён назваў сапраўдным цэнтрам горада, пра што сведчыць планіроўка вуліц, якія праменепадобна вядуць да іх. Сёння саборы вельмі часта не з’яўляюцца ўласнасцю Касцёла, выконваючы не толькі духоўную, але і культурную і грамадскую ролю. Таму, калі адбыўся пажар у Нотр-Дам у Парыжы, храм аплаквалі не толькі людзі Касцёла, але і грамадзяне, замежнікі, турысты, разумеючы, што гэта асаблівае месца, - канстатаваў старшыня Папскай рады па культуры.