Рэлятар Сінода: Касцёл павінен быць саюзнікам народаў Амазоніі
7 кастрычніка 2019 г. бразільскі іерарх звярнуўся да ўдзельнікаў біскупскага форума, які распачаўся ў Ватыкане, з уводнай прамовай. Ён нагадаў, што ад самага пачатку свайго пантыфікату Францішак заклікаў Касцёл выходзіць насустрач людзям. Неабходна, каб актуальны Сінод адпавядаў гэтаму заданню.
Генеральны рэлятар заўважыў, што Касцёл у Амазоніі заўсёды адчуваў недахоп у матэрыяльных і місійных рэсурсах. У прыватнасці ён звярнуў увагу на сітуацыю, звязаную з недахопам духавенства. Гэта стварае цяжкасці з рэгулярным удзелам людзей у св. Імшы, прынамсі ў нядзелю, “што фундаментальна важна для прагрэсіўнага і поўнага развіцця хрысціянскіх супольнасцей”.
Кардынал Хумэс звярнуў увагу на праблемы Панамазонскага рэгіёну, звязаныя са знікненнем лакальных культур, вырубкай лясоў, знішчэннем біяразнастайнасці, забруджваннем вады і глебы, забойствамі мясцовых лідэраў, якія імкнуцца бараніць сваю тэрыторыю, маргіналізацыяй прадстаўнікоў карэнных народаў у вялікіх гарадах.
Карэнныя народы Амазоніі шукаюць падтрымкі з боку Касцёла для абароны сваіх правоў, “прагнуць бачыць Касцёл сваім надзейным саюзнікам”. Ім трэба гарантаваць права быць галоўнымі дзеючымі асобамі сваёй гісторыі, падкрэсліў іерарх.