#SinodoAmazonico: народы Амазоніі маюць, што сказаць свету
Падчас сустрэчы ўдзельнікаў асамблеі з журналістамі адзначалася, што ў інфармаванні аб Сінодзе Біскупаў важна карыстацца дадзенымі, якія паступаюць з афіцыйных крыніц, каб не дапусціць існавання двух розных асамблей, адна з якіх насамрэч адбываецца ў Ватыкане, а другая – ствараецца СМІ.
Удзельнікі брыфінгу звярталі ўвагу на важнасць слухання народаў Панамазонскага рэгіёна. Па гэтай прычыне ў Сінодзе Біскупаў, разам з касцёльнымі іерархамі, прымаюць удзел таксама місіянеры і прадстаўнікі карэнных народаў. Трэба зрабіць больш заўважнымі гэтыя народы, бо яны маюць што сказаць свету, казалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі.
Звярталася ўвага на цяжкую сітуацыю жанчын у Панамазонскім рэгіёне, на праблемы, звязаныя з гандлем наркотыкамі, беднасцю. Гаворка ішла пра цяжкасці з прапаведваннем Евангелля, выкліканыя няведаннем мясцовых моваў карэнных народаў, недахопам святароў, у сувязі з чым, некаторыя душпастырскія функцыі часам вымушаны выконваць місіянеркі.