Святы Пасад пра акт вандалізму супраць амазонскіх статуэтак
Інцыдэнт адбыўся раніцай 21 кастрычніка 2019 г. Аб’ектам акту вандалізму, які быў зняты на відэа і з’явіўся ў інтэрнэце, сталі фігуркі, што выкарыстоўваліся падчас святкавання ўспаміну св. Францішка Асізскага ў Ватыканскіх садах у прысутнасці Папы і прадстаўнікоў карэнных народаў Амазоніі.
“Мы ўжо неаднаразова тут паўтаралі, што гэтыя статуэткі сімвалізуюць жыццё, плоднасць і маці-зямлю. Мне здаецца, што гэты жэст супярэчыць духу дыялогу, які павінен натхняць усіх. Не ведаю, што яшчэ сказаць, акрамя таго, што гаворка ідзе пра крадзеж і што ён кажа сам за сябе”, - сказаў падчас брыфінгу ў Зале Друку прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі, Паола Руфіні.
Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ Андрэа Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы назваў учынак “гвалтоўным і неталерантным жэстам”, які быў учынены “новымі іканаборцамі, што ад нянавісці ў сацыяльных сетках перайшлі да дзеяння”.
“У імя традыцыі і дактрыны быў з пагардай выкінуты вобраз мацярынства і сакральнасці жыцця. Гэты традыцыйны для карэнных народаў сімвал прадстаўляе нашу “маці зямлю”, названую так св. Францішкам Асізскім у яго Гімне стварэнню”, - нагадаў ён.
Тарніелі працытаваў словы св. Джона Генры Ньюмэна, кананізаванага нядаўна, які ў “Эсэ пра развіццё хрысціянскага вучэння” пісаў: “Выкарыстанне храмаў, ватыўныя ахвяры ў выпадку аздараўлення ад хвароб, святая вада, прытулкі, святы і літургічныя перыяды, выкарыстанне календара, працэсіі, благаслаўленне палёў, святарскае адзенне, пострыг, пярсцёнак, які выкарыстоўваецца падчас заключэння шлюбу, зварот на ўсход, а ў больш позні час таксама і іконы, а магчыма нават і касцёльны спеў “Kyrie Eleison”: усё гэта мае язычніцкія карані, і было асвечана прыняццем у Касцёле”.