У Ватыкане пачалі працаваць банкаўскія пераводы SEPA
У прэс-рэлізе гаворыцца, што “пасля далучэння Дзяржавы Ватыкан з 1 сакавіка 2019 г. да Адзінай зоны плацяжоў у еўра, вядомай шырокай грамадскасці па англійскай абрэвіятуры SEPA, Інстытут ініцыяваў сур’ёзны і складаны працэс тэхнічнай, нарматыўнай і працэдурнай адаптацыі да платформы SEPA, які завяршыўся”.
Падкрэсліваецца, што пачынаючы з 1 кастрычніка 2019 г. паслуга банкаўскіх пераводаў SEPA пачне працаваць на карысць кліентаў, што пацвярджае рашучасць Інстытута ў працэсе павышэння ўзроўню аказання плацежных паслуг і працы ў адпаведнасці з лепшай рынкавай практыкай. Уступленне паслугі ў эксплуатацыю адбылося з апярэджаннем у адзін месяц.
Уваход у зону SEPA палягчае фінансавыя аперацыі паміж тымі, хто ў яе ўваходзіць, паколькі для краін-удзельніц больш не існуе адрозненняў паміж нацыянальнымі і трансгранічнымі плацяжамі. Гаворка ідзе пра зніжэнне выдаткаў і лепшае абслугоўванне.
З 1 сакавіка 2019 г. у адзіную плацежную зону ўваходзяць 36 краін: 28 дзяржаў-членаў ЕС і Ісландыя, Нарвегія, Ліхтэнштэйн, Швейцарыя, Манака, Сан-Марына, Княства Андора і Дзяржава Ватыкан.