Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане пачаўся семінар для вайсковых капеланаў

У Ватыкане распачаўся фармацыйны курс для вайсковых капеланаў з розных краін свету, прысвечаны міжнароднаму праву. Форум праходзіць з 29 па 31 кастрычніка 2019 г.

Тэма семінару: “Пазбаўленне свабоды ў сітуацыях узброеных канфліктаў. Місія вайсковых капеланаў”, была выбрана ў сувязі з 70-годдзем падпісання Жэнеўскай канвенцыі аб абароне грамадзянскага насельніцтва ў ваенны час, якое адзначаецца сёлета.

Да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Ён заўважыў, што праблема пазбаўлення свабоды падчас узброеных канфліктаў з’яўляецца важнай у актуальным кантэксце, калі – карыстаючыся словамі папы Францішка, – адбываецца “фрагментарная трэцяя сусветная вайна”.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што сучасная міжнародная сітуацыя патрабуе людзей, гатовых прыкладаць канкрэтныя намаганні для будавання грамадства, заснаванага на свабодзе, праўдзе, справядлівасці і братэрстве. Ён заўважыў, што ахвярамі пазбаўлення свабоды падчас ваенных канфліктаў становіцца не толькі ўдзельнікі баявых дзеянняў, але ўсё часцей і часцей грамадзянскія асобы, якіх нярэдка выкрадаюць з мэтай атрымання выкупу.

Кардынал-прэфект звярнуў увагу на нечалавечыя ўмовы ўтрымання палонных, на тое, што часта вязні асуджаюцца без належнага прасэсу, а таксама застаюцца пазбаўленымі базавай апекі. Іерарх падкрэсліў, што ў такіх сітуацыях Касцёл пакліканы сведчыць міласэрнасць Бога ў тым ліку праз служэнне вайсковых капеланаў.

Кардынал нагадаў, што заданнем капелана з’яўляецца не толькі клопат пра духоўнае жыццё людзей, пазбаўленых свабоды, але таксама абарона іх годнасці і правоў, якія не перастаюць абавязваць у сітуацыі ўзбоенага канфлікту.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 кастрычніка 2019, 13:10