Удзельнік Сінода: праблема не ў цэлібаце, а адсутнасці сведчання
Пастыр бразільскай дыяцэзіі Крысталандыя падкрэсліў, што няма дактрынальных перашкод для пасвячэння жанатых мужчын, але адзначыў, што не цэлібат з’яўляецца галоўнай праблемай для павелічэння колькасці святароў, таксама і ў Еўропе. Праблема ў адсутнасці паслядоўнага сведчання.
Іерарх адзначыў, што Касцёл мае патрэбу ў новых шляхах не толькі ў Амазоніі. “Нашым галоўным напрамкам павінен стаць шлях святасці і навяртання. Асноўным сродкам абуджэння новых пакліканняў з’яўляецца святасць сучасных евангелізатараў”, - падкрэсліў ён.
“Не думаю, што цэлібат – гэта галоўная праблема на шляху абуджэння новых святарскіх пакліканняў. Ёсць і іншыя праблемы, такія як наша непаслядоўнасць жыцця, нявернасць. Гэта скандалы з нашым удзелам і адсутнасць святасці часта робяць святароў перашкодай для прыняцця рашэння маладымі людзьмі, ступіць на гэты шлях”, - лічыць біскуп дэ Кэйроз Віейра.
Іерарх, які бярэ ўдзел у Сінодзе па Амазоніі, падкрэсліў, што падчас сінадальных разважанняў варта думаць не пра тое, што трэба змяніць у Касцёле, а што трэба змяніць у сабе. Ён нагадаў, што асноўным інструментам абуджэння новых пакліканняў з’яўляюцца такія рысы евангелізатараў, як прастата жыцця, адкрытасць да дыялогу, абвяшчэнне хрысціянскай праўды, спагада і блізкасць да тых, хто пакутуе, здольнасць ахвяраваць сабой.
Бразільскі пастыр з сумам адзначыў, што праблема недахопу душпастыраў у Амазоніі абумоўлена, між іншым, дрэнным размеркаваннем святароў. “У Лацінскай Амерыцы ўсё менш місіянерскага духа. Усё менш і менш святароў, гатовых працаваць на перыферыі, у складаных умовах і ў памежных сітуацыях”, - падкрэсліў удзельнік Сінода.