Унікальны праект Ватыканскіх музеяў і Умбрыйскай галерэі
Гаворка ідзе пра твор, вядомы як Пала-дэі-Дэчэмвіры, напісаны паміж 1495-1496 гг. знакамітым П’етра дзі Крыстафора Ванучы – П’етра Перуджына. Ён прадстаўляе сабой выяву Панны Марыі з Езусам на каленях, вакол якой стаяць чатыры нябесныя апекуны італьянскага рэгіёна Умбрыя і горада Перуджа: св. Лаўрэнцій, св. Людовік Тулузскі, св. Геркулафл і св. Кастанцый.
Карціна на працягу апошніх двух стагоддзяў захоўваецца ў Ватыканскай пінакатэцы, хоць першапачаткова была створана для публічнай капліцы ў Палацы Прыёраў у Перуджы, частку якога сёння займае Нацыянальная умбрыйская галерэя. У 1797 г. яна была вывезена адсюль французскімі войскамі на падставе Таленцінскай дамовы, якая акрэслівала ўмовы спынення вайны і капітуляцыю Папскай вобласці. Твор захоўваўся ў парыжскім Луўры, пакуль у 1816 г. Пій VII не дабіўся яго вяртання ў папскую калекцыю. Нягледзячы на пратэсты жыхароў Перуджы, ён адправіўся ў Ватыканскую пінакатэку.
Па невядомай прычыне французскія войскі пакінулі ў Перуджы манументальную пазалочаную драўляную раму для карціны, якая і сёння захоўваецца ў мясцовай нацыянальнай галерэі. Менавіта ў ёй шэдэўр Перуджына будзе экспанавацца на працягу бліжэйшых месяцаў. Такім чынам у аматараў мастацтва з’явіцца магчымасць сузіраць твор у яго першапачатковым і цэласным выглядзе.
Вясной 2020 г., пасля заканчэння выставы ў Перуджы, шэдэўр адправіцца ў Ватыканскія музеі. Падзея супадзе з пачаткам святкавання 500-годдзя смерці Рафаэля Санці – самага вядомага вучня П’етра Перуджына.