Абвешчаны імёны членаў Паслясінадальнай рады Сінода па Амазоніі
Трынаццаць асоб былі абраны абсалютнай большасцю падчас 15-й Генеральнай кангрэгацыі Сінода, які праходзіў у кастрычніку, іншыя тры – увайшлі ў Раду дзякуючы папскаму прызначэнню, прадстаўляючы ў ёй карэнныя народы. Гэта: сястра Лаура Вікунья Перайра Мансо, душпастырская супрацоўніца, што працуе сярод насельніцтва карыпуна ў Бразіліі; Патрысія Гуалінга, прадстаўніца супольнасці кечуа ў Эквадоры; Дэліа Сіціконацы Камайтэры, прадстаўнік народа ашанінка, амазонскага этнасу ў Перу. Варта адзначыць, што да гэтага часу манахі і свецкія вернікі ніколі не ўваходзілі ў склад Паслясінадальнай рады.
Іншыя 13 абраных членаў прадстаўляюць краіны Панамазонскага рэгіёна: чацвёра паходзяць з Бразіліі: кардынал Клаудыё Хумэс, арцыбіскупы Альберта Тавэйра Карэа і Рокэ Палоскі, а таксама біскуп Эрвін Кройтлер; двое прадстаўляюць Балівію: біскупы Рыкарда Эрнэста Чэнтэлас Гузман і Эўджэнія Котэр; двое – з Калумбіі: біскупы Хоакін Умберта Пінсон Гюйза і Жозэліта Карэнья Квіньёнэс; двое – з Перу: кардынал Пэдра Рыкарда Барэта Хімена і біскуп Давід Марцінес Дэ Агір Гвінэа; Французскую Гвіану прадстаўляе біскуп Эманюэль Ляфон, Венесуэлу – біскуп Джоні Эдуарда Рэес Сэквэра, Эквадор – біскуп Рафаэль Коб Гарсія.
Трохтыднёвая ватыканская нарада праходзіла ў кастрычніку з удзелам усіх дыяцэзіяльных і дапаможных біскупаў амазонскіх касцёльных правінцый, а таксама старшынь біскупскіх канферэнцый. На ёй прысутнічалі і прадстаўнікі Касцёла з іншых кантынентаў, рэгіянальных і кантынентальных касцёльных органаў, кіраўнікі дыкастэрый Рымскай курыі.